Мінфін Беларусі заплаціў працэнты па еўрааблігацыях — у рублях і на рахунак у Беларусбанку

Міністэрства фінансаў Беларусі заявіла, што выканала плацёж па еўрааблігацыях у адпаведнасці з новымі правіламі, якія зацверджаны сумеснай пастановай урада і Нацбанка — у беларускіх рублях.

dengi_8.jpg


«Плацяжы па еўрааблігацыях Рэспублікі Беларусь з тэрмінам 29.06.2022 (Belarus-2027) у агульнай суме 22,9 млн долараў ЗША ў эквіваленце выкананы ў адпаведнасці з новым парадкам», — паведамілі ў Мінфіне, піша REFORM.by.

Ведамства ўдакладніла, што парадак прадугледжвае пералічэнне Міністэрствам фінансаў за кошт сродкаў у замежнай валюце сум у беларускіх рублях на спецыяльна адчыненыя ў ААТ «ААБ Беларусбанк» рахункі. Доступ да гэтых сродкаў мае вызначаны эмісійнымі дакументамі аплатны агент «Citibank N. A. London Branch».

Таксама пастанова дае Мінфіну права выконваць абавязацельствы перад уладальнікамі еўрааблігацый з іх згоды на альтэрнатыўнай аснове, у тым ліку з дапамогай замены даўгавых абавязацельстваў па еўрааблігацыях на даўгавыя абавязацельствы па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на ўнутраным фінансавым рынку, з дапамогай датэрміновага выкупу еўрааблігацый альбо іншым чынам.

Раней сусветныя рэйтынгавыя агенцтвы папярэджвалі, што аплата па знешніх пазыках у нацыянальнай валюце, калі тое не прадугледжана пры размяшчэнні аблігацый, лічыцца дэфолтам.


Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў сёння заявіў, што ў лютым былі зробленыя валютныя плацяжы па купонах еўрааблігацый, але сродкі не дайшлі да «дружалюбных інвестараў», у тым ліку з Расіі. Ён лічыць, што неатрыманне трымальнікамі беларускіх еўрааблігацый выплат па купонным даходзе нельга лічыць дэфолтам.

«Усе павінны разумець, што дэфолт — гэта калі краіна кажа, што не будзе плаціць. У нас іншая сітуацыя: мы проста не можам плаціць так, як прапісана ва ўсёй дакументацыі, прычым гэта зыходзіць не ад нас. У дадзеным выпадку сама інфраструктура, якая створана для адміністравання такіх плацяжоў і гадамі паспяхова працавала, дае нейкі збой. Тут праблема не ў нас, а ў самой сістэме», — сказаў ён.

Між тым, менавіта такая сітуацыя стала прычынай дэфолту Расіі па знешніх запазычаннях.