«У прыярытэце іншае». Мінэканомікі не бачыць сувязі паміж ВУП і заробкамі?
У Мінэканомікі пракаментавалі падзенне ВУП і заявілі, што для беларускіх сем'яў «у прыярытэце іншае» — зарплаты. Пры гэтым у ведамстве заявілі, што рэальныя заробкі — у плюсе. Аднак да гэтай заявы ёсць нямала пытанняў.
Найбуйнейшы ў Беларусі партал, прызнаны «экстрэмісцкім», паглядзеў, што адбывалася з сярэднім заробкам у апошнія месяцы.
Што заявілі ў Мінэканомікі
Каментуючы падзенне ВУП, якое працягваецца, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч заявіў, што гэта не самае галоўнае. Ён заявіў, што для беларусаў ёсць куды больш важныя моманты і з імі ўсё ідзе куды лепш, чым зніжэнне эканомікі.
— ВУП, безумоўна, важны паказчык. Аднак для хатніх гаспадарак у прыярытэце іншае, напрыклад, зарплаты. Так, па выніках пяці месяцаў сярэдняя зарплата ў рэальным выражэнні не ўпала, тэмп росту вышэй 100%, — пракаментаваў прадстаўнік Мінэканомікі.
Якія пытанні ёсць да заявы ведамства
Паўстае пытанне, няўжо ў Мінэканомікі перасталі бачыць сувязь паміж агульным станам эканомікі і даходамі грамадзян: падзенне ВУП непазбежна прывядзе да зніжэння даходаў і якасці жыцця людзей. Але нават калі прыбраць за дужкі гэтую лагічную нестыкоўку, а паглядзець толькі заробак працоўных, то і тут узнікае нямала пытанняў.
Што тычыцца канкрэтна рэальных заробкаў, то агулам у краіне ў студзені-траўні яны сапраўды выраслі — на сціплыя 0,4% да аналагічнага перыяду мінулага года. Але ў некаторых рэгіёнах рэальныя заробкі аказаліся ў мінусе. Так, у Мінскай яны скараціліся на 0,8%, а ў Магілёўскай — на 0,4%. Пры гэтым калі глядзець, як змяніліся рэальныя заробкі канкрэтна ў траўні ў параўнанні аналагічным месяцам мінулага года, то падзенне назіраецца ва ўсіх рэгіёнах, а таксама Мінску. Прычым сталіца — антылідар па гэтым паказчыку, падзенне на ўзроўні 9,3%. Для параўнання: у Мінскай вобласці рэальная зарплата знізілася на 5,9%, а ў Віцебскай — на 4,4%.
Павелічэнне рэальнага заробку на 0,4% у цэлым па краіне за пяць месяцаў гэтага года наўрад ці моцна радуе беларусаў. Для параўнання: летась рост гэтага паказчыка за пяць месяцаў быў на ўзроўні 5,9% да аналагічнага перыяду 2020-га, а ў перыяд пандэміі ў 2020-м — на 7,9%.
Асноўны ўклад у рост зарплаты за названы Ярашэвічам перыяд унеслі першыя месяцы года, асабліва люты, калі яна падскочыла вышэй за 10%. З прыходам вясны (а разам з ёй увядзення санкцый з-за датычнасці афіцыйнага Мінска да ваеннай агрэсіі ва Украіне) яна сышла ў мінус. У красавіку рэальная зарплата ўпала да таго ж месяцу мінулага года на 4,5%, а да сакавіка гэтага — на 3,7%. У траўні ж рэальная зарплата паменшылася на 5,7% да таго ж месяца мінулага года, і на 0,3% да красавіка. Калі паглядзець дадзеныя за сакавік-травень, то заробкі стабільна знаходзяцца ў мінусе.
У той жа час намінальная зарплата па выніках студзеня-траўня вырасла на 14,5%, гэта крыху менш, чым прырост па выніках студзеня-красавіка. Аднак у траўні заробак да выплаты падаткаў павялічылася на 5,6 рубля ў параўнанні з красавіком, то-бок прырост склаў 0,4%.
Пры гэтым інфляцыя ў тым жа месяцы была 0,7%. Гэта значыць, што ў траўні патэнцыйны рост палучкі сярэднестатыстычнага жыхара краіны з'ела інфляцыя.