У Белгародскай вобласці (зноў) выбухнулі боепрыпасы. Пацярпелі 14 чалавек
У Валуйскай гарадской акрузе Белгародскай вобласці адбыўся выбух, у выніку якога пацярпелі 14 чалавек. Пра гэта 28 верасня паведаміў кіраўнік расійскага рэгіёна Вячаслаў Гладкоў.

«Праз чалавечы фактар адбылася дэтанацыя боепрыпасу», — напісаў губернатар.
Параненым з траўмамі рознай ступені цяжару аказваецца медыцынская дапамога. На месцы выбуху працуюць аператыўныя службы.
Якія-небудзь іншыя падрабязнасці не прыводзяцца.
Валуйская акруга мяжуе з Харкаўскай вобласцю Украіны. У жніўні Гладкоў таксама двойчы паведамляў пра пажары на складах з боепрыпасамі ў Валуйскай гарадской акрузе: у адным выпадку ён не назваў прычыны ўзгарання, у другім паведаміў пра «самазагаранне боепрыпасаў праз спякоту».

Увогуле, выбухі на складах у глыбокім тыле ў расійскім войску тлумачаць парушэннямі правіл пажарнай бяспекі і курэннем у непрызначаных для гэтага месцах.
