Пад Белгарадам выбухнуў склад, а пад Курскам пашкоджаны мост
Відавочцы ў сацыяльных сетках сёння паведамлялі аб выбухах пад расійскім Белгарадам. Белгарадская вобласць мяжуе з Украінай. Верагодна, гаворка ідзе аб складзе боепрыпасаў у Тамараўцы пад Белгарадам.
Паведамлялася аб ваенных верталётах над горадам. Некаторыя дарогі былі перакрытыя паліцыяй. У Белгарадзе перакрываўся з абодвух бакоў мост праз раку Северскі Данец.
«На мяжы трох муніцыпалітэтаў — Барысаўскага і Белгародскага раёнаў і Якаўлеўскай гарадской акругі — адбыўся пажар на тэрыторыі аднаго з аб'ектаў Міністэрства абароны РФ. Інфармацыя аб пацярпелых і разбурэннях удакладняецца. Усе аператыўныя службы працуюць на месцы, прымаюцца ўсе неабходныя меры для забеспячэння бяспекі. Больш падрабязная інфармацыя будзе крыху пазней», — заявіў губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.
Сёння раніцай на 67 кіламетры чыгункі Суджа-Сасновы Бор было выяўлена частковае абвальванне канструкцый моста, паведаміў губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт.
Чыгуначная ветка выкарыстоўвалася для перамяшчэння таварных саставаў. Пацярпелых няма. Жыццю і здароўю грамадзян нішто не пагражае, распавёў расійскі чыноўнік. Пазней ён дадаў, што гаворка ідзе пра дыверсію. Узбуджана крымінальная справа.
Чыгуначны мост знаходзіўся недалёка ад мяжы з Украінай і, відавочна, выкарыстоўваўся для перакідання войскаў і боепрыпасаў для нападу на суседнюю краіну.