МЗС Брытаніі правяло расследаванне дзейнасці расійскай «фабрыкі троляў»

«Свабода» распавядае пра брытанскае дасьледаваньне крамлёўскай «фабрыкі троляў».

fabriki_trolley.png

Згодна з праведзеным дасьледаваньнем, крамлёўская кампанія дэзінфармацыі была распрацаваная для маніпуляваньня міжнароднай грамадзкай думкай аб расейскім уварваньні ва Ўкраіну, яго інфармацыйнай падтрымкі і прыцягненьня прыхільнікаў.
Як паведамляе МЗС Вялікай Брытаніі, дасьледаваньне паказала: «фабрыка троляў» выкарыстоўвала Telegram для вярбоўкі і каардынацыі новых прыхільнікаў, якія потым нацэльваліся на профілі крытыкаў Крамля ў сацыяльных сетках, рассылаючы ім спам з камэнтарамі на карысьць прэзыдэнта РФ Пуціна і разьвязанай ім вайны, піша Reuters.
Таксама брытанскае МЗС выявіла кампаніі супраць палітыкаў розных краін у сацсетках. Інфармацыйная кампанія крамлёўскіх троляў накіравана на шэраг палітыкаў у такіх краінах, як Вялікая Брытанія, Паўднёва-Афрыканская рэспубліка і інш. Сярод мэтаў троляў і іх агентаў — высокапастаўленыя брытанскія міністры і іншыя лідары. Сьляды апэрацыі былі знойдзеныя на васьмі плятформах, у тым ліку Telegram, Twitter, Facebook і TikTok.
Як піша Daily Mail, сярод тых, хто зазнаў атакі «троляў», прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Жазэп Борэль.
«Мы ня можам дазволіць Крамлю і яго ценявым фабрыкам троляў урывацца ў нашы анлайн-прасторы са сваёй хлусьнёй аб незаконнай вайне Пуціна, — гаворыцца ў заяве брытанскага міністра замежных спраў Ліз Трас. — Урад Вялікай Брытаніі папярэдзіў міжнародных партнэраў і працягне цесна супрацоўнічаць з саюзьнікамі і мэдыяплятформамі, каб падарваць расейскія інфармацыйныя апэрацыі».
Расея называе свае дзеяньні ва Ўкраіне «спэцапэрацыяй па дэмілітарызацыі Ўкраіны і абароне яе ад фашыстаў». Украіна і Захад заяўляюць, што абвінавачаньні ў фашызьме беспадстаўныя, а вайна зьяўляецца несправакаваным актам агрэсіі.
Расея са свайго боку запэўнівае, быццам заходнія СМІ падаюць небесстароньнюю інфармацыю аб вайне, якая нібыта ігнаруе заклапочанасьць Масквы наконт пашырэньня NATO і меркаваных перасьледаў рускамоўных ва Ўкраіне.