Даля Грыбаўскайтэ: «Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе»

«Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе. Не мы яе пачалі, не мы абвастраем сітуацыю. Калі мы будзем адступаць і дазволім агрэсару сядаць нам на галаву, ён залезе і зменіць увесь парадак, наступствы будуць дрэнныя, мы з імі не справімся. Асабліва такія краіны, як мы — маленькія», — папярэдзіла экс-прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ падчас дыскусіі ў Інстытуце міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта.

hrybauskajte_1.jpg

Даля Грыбаўскайтэ адзначыла, што жыхары Расіі пры цяперашніх санкцыях галадаць не будуць, піша «Св*бода».

«Нашы санкцыі не прымусяць іх перадумаць. Наадварот, заходнія санкцыі аб’ядноўваюць людзей супраць Захаду. Паверце, я вячэрала з прадстаўнікамі Захаду і жартам сказала: ім для выжывання хопіць бульбы, агуркоў і яшчэ сяго-таго. Гэтага хопіць, яны ўсё роўна будуць змагацца за яго. Мы, распешчаныя прадстаўнікі Захаду, думаем, што ім не хопіць нейкіх там заходніх шампуняў або яшчэ нечага, дык гэтага не будзе. Яны выжывуць і выстаяць перад любымі нашымі санкцыямі», — сказала Грыбаўскайтэ.

Экс-прэзідэнтка і былы міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус падпісалі ініцыятыву былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі аб стварэнні міжнароднага трыбуналу.

«Гэты трыбунал будзе дзейнічаць паводле прынцыпу Нюрнбергскага, каб чалавека можна было судзіць завочна, пакуль няма магчымасці яго затрымаць. Я думаю, што нават завочны прысуд будзе маральным асуджэннем, гэта важна», — сказала Грыбаўскайтэ.


Яна запэўніла, што працэс збору доказаў працягваецца.

«Гэтага дакладна будзе больш, чым патрабуецца», — сказала Грыбаўскайтэ.

Адказваючы на пытанне, што павінен зрабіць Захад, каб зрынуць урад Пуціна, Грыбаўскайтэ адказала: «Мяне такое пытанне абурае, гэта выяўляе заходнюю наіўнасць. Мы сутыкаемся з зусім іншай цывілізацыяй. Ягоная ўлада трымаецца не на падтрымцы людзей, а на „сілавіках“ і іншых фінансавых структурах. Ніколі пры наяўнасці такой прапаганды, такой таталітарнай сістэмы, такіх рэпрэсіяў людзі ад страху не выйдуць на вуліцу, каб зрынуць яго».

«Таму жывіць ілюзіі, нібыта мы можам неяк уплываць на меркаванне, неяк праштурхнуць інфармацыю праз гэты бар’ер — няважна якую, ёй ніхто не будзе верыць. Мы думаем на заходні манер, а яны — на ўсходні. Гэта зусім іншая цывілізацыя», — сказала Грыбаўскайтэ.

Экс-прэзідэнтка заявіла, што нельга адступаць пасля кожнага запалохвання з боку Расіі.

«Трэба наважыцца на канфрантацыю і прыняць выклік, які кінула Расія. Гэтыя спробы Захаду адступаць, каб нібыта пазбегнуць Трэцяй сусветнай вайны, — дык гэтая Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе. Яна еўрапейская. Гэта вайна не толькі з Украінай. Яна супраць усяго дэмакратычнага свету, супраць архітэктуры бяспекі, якая ўсталявалася пасля Другой сусветнай вайны, яна ўжо ідзе. Не мы яе пачалі, не мы абвастраем сітуацыю. Калі мы будзем адступаць і дазволім агрэсару сядаць нам на галаву, ён залезе і зменіць увесь парадак, наступствы будуць дрэнныя, мы з імі не справімся. Асабліва такія краіны, як мы — маленькія», — сказала яна.

Паводле яе, мы павінны думаць пра сваю бяспеку, каб Пуцін быў спынены і раздушаны на тэрыторыі Украіны.

«Еўропа занадта малая для канвенцыйнай вайны, у плане абароны — трэба спыняць вайну там, дзе яна пачалася, і як мага хутчэй, усімі сіламі. Наша бяздзейнасць азначае пашырэнне вайны. Чым больш геаграфічна мы будзем аддаляцца ад канфлікту, тым хутчэй ён наблізіцца да нас», — папярэдзіла Грыбаўскайтэ.