Нямеччына падтрымала пляны ЕС адмовіцца ад расійскай нафты
Што паўплывала на зьмену пазыцыі, распавядае «Свабода».
На перамовах аб увядзеньні шостага пакета санкцый супраць РФ Нямеччына выразна выказалася ў падтрымку эмбарга.
Пра гэта паведаміла 1 траўня агенцтва DPA са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў у Брусэлі. Цяпер увядзеньне Эўразьвязам забароны на імпарт расейскай нафты стала значна больш верагодным, адзначае агенцтва.
Супраць гэтай меры цяпер выступаюць толькі Вугоршчына, Аўстрыя, Славаччына, Гішпанія, Італія і Грэцыя.Паводле дыпляматаў, Вугоршчына і Славаччына пярэчаць хуткаму ўвядзеньню эмбарга, бо празьмерна залежаць ад паставак расейскай нафты. У той жа час у краінах Паўднёвай Эўропы моцна асьцерагаюцца росту коштаў на энэргію для спажыўцоў пасьля адмовы ад расейскага паліва.
На зьмену пазыцыі Нямеччыны паўплывалі нядаўнія посьпехі ў пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў паліва. Міністар эканомікі ФРГ Робэрт Хабэк (Rober Habeck) 26 красавіка паведаміў, што за апошнія восем тыдняў залежнасьць Нямеччыны ад расейскай нафты ўдалося скараціць з 35% да пачатку вайны ва Ўкраіне да 12%.
Па зьвестках DPA, Эўракамісія мае намер ужо найбліжэйшымі днямі прадставіць праект шостага пакета санкцый супраць Расеі, каб яшчэ больш узмацніць ціск на Крэмль у вайне Расеі супраць Украіны. У той жа час ня выключана, што з прычыны значнай колькасьці праціўнікаў як найхутчэйшай адмовы ад расейскай нафты эмбарга могуць увесьці толькі ўвосень ці нават узімку.