Пазьняк: Неабходна дамагацца міжнароднага рашэньня аб вызначэньні статуса акупаванай краіны для Беларусі

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь"  4-га красавіка зьвярнуўся ў Міжнародны Суд і яшчэ ў 15 міжнародных установаў з прапановай аб прызнаньні статусу акупаванай краіны для Беларусі. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў кіраўнік КХП БНФ Зянон Пазьняк.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Геапалітычная катастрофа, якая адбылася пасьля расейскага захопу Беларусі і ўвядзеньня расейскага акупацыйнага войска на беларускую тэрыторыю (17-01-2022), выклікала рашысцкі напад Расейскай Федэрацыі на Ўкраіну, паставіла пад пагрозу Польшчу, Летуву, Латвію і ў цэлым Эўропу, але на Захадзе тое якбы яшчэ да канца не разумеюць, хоць вайна ўжо пачалася і Беларусь (яе тэрыторыю) Расея ўключыла ў стратэгічную зону сваёй агрэсіі.  
Сумна на такое глядзець, але трэба ўсімі сіламі папраўляць становішча. Першым чынам неабходна дамагацца міжнароднага рашэньня аб вызначэньні статуса акупаванай краіны для Беларусі. Рашэньне можа прыняць Міжнародны Суд ААН, што знаходзіцца ў Гаазе. Па Статуце МС з такім зваротам могуць выступаць дзяржаўныя ўстановы акупаванай краіны. Але непрызнаны марыянэткавы антынародны рэжым Лукашэнкі ёсьць пасобнікам акупантаў.
Ролю ініцыятара ў цяперашніх абставінах магла б узяць на сябе Рада БНР і тут, мяркую, яшчэ ня страчаныя магчымасьці. Статут МС таксама прадугледжвае выключэньні з правіла. Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь" скарыстаўся гэтым палажэньнем, зьвярнуўся ў Міжнародны Суд і яшчэ ў 15 міжнародных установаў з прапановай аб прызнаньні статусу акупаванай краіны для Беларусі. Лісты адпраўлены 4-га красавіка.
Мяркую што справа мусіць быць прадоўжаная ўсімі Беларускімі арганізацыямі, якія маюць дачыненьні да палітыкі. Задача мае агульнаграмадзкае агульнанацыянальнае значэньне. Звароты мусяць працягвацца. Сутнасьць пытаньня, выкладзенага ў лісьце, мы тут зьмяшчаем.--------------------------------------------4 красавік 2022
ПРА ПРЫЗНАНЬНЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ДЗЯРЖАВАЙ, АКУПАВАНАЙ РАСЕЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫЯЙ
На працягу 28 год Расейская Федэрацыя ажыцьцяўляла палітыку, накіраваную на аслабленьне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і пашырэньне сваёй стратэгічнай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі. З аднаго боку, гэтая палітыка ажыцьцяўлялася праз падтрымку рэжыма Лукашэнкі, які зьяўляецца нелегітымным з 1996 году, пасьля лістападаўскага дзяржаўнага перавароту, у выніку якога быў ліквідаваны парлямант, праведзены антызаконны рэфэрэндум і ўведзена новая канстытуцыя дыктатуры з неабмежаванай уладай Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта. Дзяржаўны пераварот быў падтрыманы кіраўніцтвам Расеі і асабістым удзелам у ім прэм'ер-міністра Расейскай Фэдэрацыі Віктара Чарнамырдзіна і старшынь абедзвюх палат расейскага парляманту (Думы) – Генадзія Селязьнёва і Ягора Строева.
З гэтага часу Расея ўзмацняла залежнасьць Беларусі праз рэалізацыю палітычных і стратэгічных інтэграцыйных праектаў. Адным з ключовых зьяўляецца дамова аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, якая была падпісана ў 1999 годзе насуперак законнай Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, не была прызнаная грамадзкасьцю і зьяўляецца антызаконным палітычным утварэньнем. Рэжым Лукашэнкі дзеля захаваньня сваёй улады стаў праводзіць антынацыянальную антыдэмакратычную марыянэткавую палітыку ў інтарэсах Расеі.
Дамова аб Саюзнай дзяржаве забясьпечвала А. Лукашэнку падтрымку Расеі ў захаваньні яго ўлады і ўнутраную палітычную стабільнасць, адначасова давала магчымасьць Расейскай Федэрацыі прасоўваць свае стратэгічныя інтарэсы.
Гэтая дамова стварыла перадумовы да паглыбленай вайсковай супрацы і інтэграцыі сыстэмаў бясьпекі дзвюх краінаў, пад фактычным кантролем Расейскай Федэрацыі, што актыўна выкарыстоўваецца расейскім кіраўніцтвам у пэрыяд агрэсыі супраць Украіны.
Эканамічная, палітычная і стратэгічная залежнасьць марыянэткавага рэжыму Лукашэнкі ад Расеі прывяла да глыбокага сыстэмнага крызісу ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, якія былі груба сфальсіфікаваныя, непрызнаныя беларускім народам і міжнароднай супольнасьцю. Толькі дзякуючы вонкавай уяўнай легітымнасьці, якую забясьпечыла рэжыму ў Беларусі кіраўніцтва Расеі, Лукашэнка змог утрымаць уладу і жорстка задушыць нацыянальныя пратэсты ў краіне. Разам з гэтым, Лукашэнка цалкам страціў палітычны сувэрэнітэт, што (як вынікае з сытуацыі) было акрэсьлена падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі 14 верасьня 2020 году.
Дзякуючы палітычнаму падпарадкаваньню марыянэткавага рэжыма Лукашэнкі, Расея пачала больш актыўна пашыраць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі, выкарыстоўваючы дзеля гэтага фармальныя мэханізмы ў кшталце двухбаковых дамоўленасьцяў, якія былі падпісаны на працягу 2020 — 2021 гадоў:

  • Дамова паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расейскай Федэрацыі аб рэалізацыі праграмы вайскова-тэхнічнай супрацы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй да 2025 году. Сам тэкст праграмы не быў надрукаваны, але на яе моцы ў Беларусі зьявіўся ваенна-навучальны цэнтр, дзейнасьць якога была забясьпечана расейскімі сістэмамі ПВА і ВКС, што сьведчыць аб вайскова-базавым прызначэньні аб'екта;

  • 4 лістапада 2021 былі падпісаны 28 дарожных мапаў паглыбленай «саюзнай інтэграцыі», а таксама вайсковая дактрына «саюзнай дзяжравы».

    Марыянэткавая залежнасць рэжыму ад расейскага кіраўніцтва таксама выяўлялася і ў тым, што дзеяньні Лукашэнкі ў зьнешняй палітыцы сталі правакацыйнымі і агрэсыўнымі. Гэта прывяло да:

  • Прымусовай пасадкі пасажырскага самалёту Boeing 737-8AS ірляндзкай авіякампаніяй Ryanair, які выконваў рэгулярны рэйс па маршруце Афіны –Вільня 23 траўня 2021 году. У выніку ўсе авіязносіны паміж заходнімі краінамі і Беларусьсю былі спынены.

  • Міграцыйнага крызісу летам-зімой 2022 году на мяжы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу, які быў акрэсьлены як гібрыдная агрэсыя супраць Летувы, Латвіі і Польшчы.

Комплекс прававых і неправавых дзеяньняў Расейскай Федэрацыі пры выкарыстаньні нелегітымнай, марыянэткавай улады Лукашэнкі прывёў да гібрыднай акупацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта азначае, што фармальна ўлада ўнутры краіны рэалізуецца ўласнымі палітычным інстытутамі, якія, у сваю чаргу, не маюць магчымасьці кантраляваць тэрыторыю дзяржавы і яе межы.
Становішча гібрыднай унутранай акупацыі стварыла ўмовы для зьнешняй вайсковай акупацыі Беларусі, якая рэальна пачалася 17-га студзеня 2022 году пад выглядам падрыхтоўкі да незаплянаваных вайсковых вучэнняў “Саюзная рашучасьць 2022”. На тэрыторыю Беларусі былоі ўведзена 30-40 тыс. войска расейскай групоўкі з танкамі, бронетэхнікай, артылерыяй і авіяцыяй, а пасля гэтага пачалося наўпроставае выкарыстаньне рускімі акупантамі тэрыторыі Беларусі як плацдарма для агрэсыі супраць Украіны 24 лютага 2022.
Кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі па сёньняшні дзень не ў стане кантраляваць працэс дзеяньняў і перасоўваньня расейскіх акупацыйных войскаў і спецадзінак па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
    Зыходзячы з таго, што:

  • рэжым А. Лукашэнкі не зьяўляецца легітымным, знаходзіцца ў становішчы марыянэткі, не прадстаўляе суверэнных інтарэсаў беларускага народу і не бароніць іх;

  • рэалізуе ўнутраную і зьнешнюю палітыку, зыходзячы з дыктату інтарэсаў іншай дзяржавы – Расейскай Федэрацыі;

  • ігнаруе і парушае міжнародныя дамоўленасьці і ўласныя прававыя нормы;

прызнаць, што Рэспубліка Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй збройных сіл Расейскай Федэрацыі, страціла сваю незалежнасьць у палітыцы і яе тэрыторыя знаходзіцца пад вайскова-стратэгічным кантролем узброеных сіл Расеі, гэта значыць — зьяўляецца акупаванай краінай.
Разам з гэтым, лічыць, што незаконна аб'яўленая "саюзная дзяржава" Беларусі і Расеі зьяўляецца мэханізмам падпарадкаваньня і дэканструкцыі беларускай дзяржавы, формай зьнешнепалітычнай экспансіі Расеі ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь. Нелегітымная і незаконная форма "саюзнай дзяржавы" Беларусі і Расеі ня можа быць прызнанай ў форме міжнароднага права.
Ад БНС "Вольная Беларусь" ліст падпісаны Юрыем Беленькім, Паўлам Усавым, Зянонам Пазьняком.