Навучыўся ў Лукашэнкі? Пуцін прыпыніў частку візавых пагадненняў з ЕС
Уладзімір Пуцін падпісаў Федэральны закон аб прыпыненні візавых палажэнняў міжнародных дамоваў з Еўрасаюзам, Нарвегіяй, Даніяй, Ісландыяй, Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам для шэрагу грамадзян.
Закон прыпыняе пагадненне Расіі і Еўрасаюза ад 2006 года аб спрашчэнні візавага рэжыму для некаторых катэгорый грамадзян, паведамляе АФН са спасылкай на РБК.
Да распараджэння Пуціна на час адмяняецца:
- спрошчаны ўезд для чальцоў афіцыйных дэлегацый і журналістаў, у тым ліку і для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў;
- афармленне шматразовых віз тэрмінам да пяці гадоў для чальцоў нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парламентаў, канстытуцыйных і вярхоўных судоў;
- выдача шматразовых віз з тэрмінам да года для чальцоў афіцыйных дэлегацый і журналістаў, якія прымаюць удзел у афіцыйных сустрэчах або перамовах, па запрашэнні Расіі;
- афармленне шматразовых віз з тэрмінам ад двух да пяці гадоў для супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульстваў;
- вызваленне ад візавых збораў членаў афіцыйных дэлегацый, нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парламентаў, канстытуцыйных і вярхоўных судоў, журналістаў.
Расія таксама часова адмяняе падобныя пункты пагаднення з Нарвегіяй ад 2007 года, Даніяй і Ісландыяй ад 2008 года, Швейцарыяй ад 2009 года і Ліхтэнштэйнам ад 2013 года. Ва ўсіх дакументах бакі замацоўвалі жаданне спрыяць кантактам паміж людзьмі для ўстойлівага развіцця эканамічных, гуманітарных, культурных і іншых сувязяў. Краіны падкрэслівалі намер усталяваць бязвізавы рэжым.