Ці ёсць пагроза наступу з Беларусі? Што кажуць ISW, брытанская выведка і Генштаб Украіны?
Рызыка расійскага наступу з тэрыторыі Беларусі на поўнач Украіны застаецца нізкай, нягледзячы на папярэджанне Генштаба УСУ — так аналітыкі ISW ацанілі ступень пагрозы наступу з Беларусі.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што наступ з Беларусі застаецца малаверагодным варыянтам у найбліжэйшыя месяцы, асабліва калі ўлічваць, што расійскія сілы не ў стане нават перакрыць украінскія лініі забеспячэння з захаду, што адзначае ўкраінская служба РБК.
Найбліжэйшая ўкраінская чыгуначная лінія з усходу на захад праходзіць за 30 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю, а Прыпяцкія балоты на поўначы Украіны робяць манеўровыя баявыя дзеянні праз міжнародную мяжу ў Валынскай і Ровенскай абласцях надзвычай складанымі.
Аўтадарожная і чыгуначная сетка Украіны мае дастаткова вузлоў з Польшчай, Румыніяй, Славакіяй і Венгрыяй, таму расійскае ўварванне з Беларусі не можа сур'ёзна пагоршыць украінскія лагістычныя лініі, калі войскі не прасунуцца глыбей ва Украіну, як гэта зрабілі акупанты падчас бітвы за Кіеў, але тады расійскія вайскоўцы былі больш моцныя, а цяпер гэтыя сілы значна аслабленыя.
Акрамя таго, нават расійскія ваенкары таксама заяўляюць, што расійская вайсковая групоўка ў Беларусі занадта малая, каб пагражаць Кіеву.

Брытанская выведка таксама ацаніла баявыя магчымасці войска Лукашэнкі.
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter паведаміла, што Беларусь і Расія абвясцілі аб стварэнні сумеснай арміі колькасцю 85 тысяч чалавек. Аднак фарміраванне такіх сіл малаверагоднае.
Адзначаецца, што 14 кастрычніка 2022 года беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў склад новай расійска-беларускай групоўкі войскаў увойдуць 70 тысяч беларускіх вайскоўцаў і да 15 тысяч расіян. Пасля гэтага беларускія ўлады апублікавалі відэа, якое дэманструе нібыта прыбыццё расійскіх войскаў у Беларусь.
Паводле брытанскай выведкі, на сённяшні дзень малаверагодна, што Расія сапраўды перакінула значную колькасць дадатковых войскаў у Беларусь. Расія наўрад ці зможа сфарміраваць баяздольныя злучэнні ў заяўленай колькасці, таму што яе сілы сканцэнтраваны ва Украіне.
«Беларускія ўзброеныя сілы, хутчэй за ўсё, захоўваюць мінімальныя магчымасці для правядзення складаных аперацый», адзначаецца ў паведамленні Мінабароны Брытаніі.
Заява пра армію ў 85 тысяч чалавек, верагодна, з'яўляецца спробай прадэманстраваць расійска-беларускую салідарнасць і пераканаць Украіну адцягнуць вайсковыя сілы для кантролю над паўночнай мяжой. Такую выснову робіць выведка, адзначае ВВС.

Варта таксама згадаць, што, паводле інфармацыі брытанскай выведкі, расійскае камандаванне прыняло рашэнне пакінуць захопленыя тэрыторыі на заходнім беразе Дняпра на поўдні Украіны. Аднак адступленне з Херсона звязана з цяжкасцямі пераправы тэхнікі праз раку.
Зрэшты, учора, 20 кастрычніка, у Генштабе Украіны таксама казалі пра рызыку паўторнага наступу з тэрыторыі Беларусі, але адзначалі, што мэтай ворагаў будзе не Кіеў: «Пагроза аднаўлення Узброенымі сіламі Расіі наступу на паўночным кірунку расце. На гэты раз кірунак наступу можа быць зменены на захад ад беларуска-ўкраінскай мяжы — каб перарэзаць асноўныя лагістычныя артэрыі пастаўкі ўзбраення і вайсковай тэхнікі Украіне ад краін-партнёраў».