Улады маскіруюць падрыхтоўку новага ўварвання ва Украіну?
Ніхто добра не ведае, што насамрэч адбываецца з прыбыццём у Беларусь расійскіх войскаў. А адзіны чалавек, які можа растлумачыць сітуацыю, пакуль ніяк не выказаўся. Магчыма, яшчэ сам не вызначыўся.
Беларускі кіраўнік з'ехаў з краіны на 4 дні — так надоўга ён не пакідаў краіну ўжо даўно. 10 кастрычніка Лукашэнка адправіўся ў Таджыкістан, дзе правёў перамовы з прэзідэнтам Эмамалі Рахмонам, 12 кастрычніка накіраваўся з рабочым візітам у Казахстан, дзе сустрэўся з яго кіраўніком, а 13 кастрычніка прыняў удзел у VI саміце нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі. 14 кастрычніка там жа, у сталіцы Казахстана, прайшоў саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД.
Лукашэнка пасля 2020 года асцерагаўся пакідаць Беларусь больш чым на пару дзён. Уся яго палітыка зводзілася да рэакцыі на пагрозы — унутраныя і знешнія. Ці сведчыць цяперашні зацяжны візіт у Азію пра змены прыярытэтаў — з унутраных на знешнія? Прасцей кажучы, ступень знешніх пагроз перавысіла ўсе ўнутраныя праблемы?
Больш за тое, падчас адсутнасці Лукашэнкі прагучала заява, што ў Беларусі абвешчаны рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА). Як гром сярод яснага неба…
Чым выклікана такая доўгая адсутнасць кіраўніка ў Беларусі і як растлумачыць супярэчлівыя заявы афіцыйных асоб наконт рэжыму КТА?
Пра гэта «СНплюс» пыталі ў старшага даследчыка Цэнтра новых ідэй, аўтара канала «Пульс Леніна-19» Паўла Мацукевіча.
— Знешняя палітыка для Беларусі заўсёды была прыярытэтнай, паколькі гэтага патрабуе адкрытая беларуская эканоміка, арыентаваная на экспарт. Варта таксама прыняць да ўвагі, што ўсе апошнія гады з-за пандэміі каронавіруса многія міжнародныя мерапрыемствы праводзіліся ў рэжыме онлайн. І нядаўні саміт ШАС стаў для многіх яго ўдзельнікаў першай жывой сустрэчай пасля каронавіруса.
На міжнародныя кантакты Лукашэнка паўплываў не толькі ковід, але і палітычная ізаляцыя, у якую ён сам сябе загнаў. Не думаю, што ў яго партфелі шмат запрашэнняў здзейсніць візіт. Прынамсі, паездка ў Таджыкістан стала першым афіцыйным візітам пасля жніўня 2020 года. У 2021 годзе ён здзейсніў працоўны візіт у Азербайджан і шматкроць матаўся ў Расію па званку Пуціна.
Чатырохдзённы выезд атрымаўся з-за сумяшчэння афіцыйнага візіту ў Таджыкістан з удзелам у мерапрыемствах у Астане — VI саміце Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі і пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Гэта нармальная практыка.
Мэты паездкі, агулам, зразумелыя. Па-першае, трэба ўладкаваць камусьці беларускі экспарт, які зменшыўся з-за калапсу ў адносінах з Захадам. Па-другое, удзел у самітах накшталт Нарады па ўзаемадзеянню і мерах даверу ў Азіі або ШАС стварае ўражанне паўнавартаснага міжнароднага жыцця. На палях такіх сустрэч Лукашэнкі шчодра засявае збожжа сваёй міжнароднай легітымнасці і падтрымкі.
— Гэта значыць, ніякіх знешніх умяшанняў, якія і пагналі Лукашэнку ў Азію — шукаць дапамогі ў новых сяброў, не відаць?
— Як сказаць. Дзверы на Захадзе закрытыя, і ён спрабуе скіравацца на ўсход, замацавацца ў Азіі і прыладзіць там патрапаны экспарт. Адначасова ўлады спрабуюць знізіць сваю васальную залежнасць ад Расіі за кошт азіяцкіх гігантаў — Кітая, Індыі, Турцыі, Ірана.
Міжнародная сітуацыя дыктуе гэты вектар руху афіцыйнага Мінска: беларускія ўлады ідуць туды, дзе іх прымаюць. А прымаюць іх у Азіі.
— Дарэчы, менавіта падчас адсутнасці Лукашэнкі ў краіне прагучала заява, што ў Беларусі абвешчаны рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Гэта стала вядома з начнога інтэрв'ю Уладзіміра Макея расійскім «Известиям». Пазней Макею давялося неаднаразова ўдакладняць сваю заяву, а КДБ і зусім яго дэзавуяваў: маўляў, у Беларусі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі не абвяшчаўся. Занадта шмат афіцыйных версій, якія абвяргаюць адна адну.
— Я бачу два магчымых тлумачэння сітуацыі.
Ніхто добра не ведае, што на самай справе адбываецца. А адзіны чалавек, які можа растлумачыць сітуацыю, пакуль ніяк не выказаўся. Магчыма, яшчэ і сам не вызначыўся. 10 кастрычніка Лукашэнка праводзіў нараду з сілавікамі, але казаў толькі пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў. Ні пра які рэжым контртэрарыстычнай аперацыі гаворкі не ішло.
Існуе і іншы варыянт. Магчыма, беларускія чыноўнікі наўмысна робяць супярэчлівыя заявы, каб закамуфляваць рэальныя падзеі, якія адбываюцца або будуць адбывацца ў Беларусі. Напрыклад, мабілізацыю.
Мы не ведаем, пра што дамовіліся Лукашэнка з Пуціным у Сочы, не ведаем вынікаў іх перамоваў у Санкт-Пецярбургу. Затое можам успомніць, што напярэдадні 24 лютага 2022 года расійскія і беларускія ўлады актыўна стваралі ўражанне, што ў Беларусі проста ідуць ваенныя вучэнні. Аказалася, пад выглядам «Саюзнай рашучасці–2022» вялася падрыхтоўка да нападу на Украіну.
Калі з гэтага вопыту выносіць урок, то цалкам магчыма, што «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі» або разгортванне сумеснай групоўкі можа аказацца завуаляванай формай падрыхтоўкі новага ўварвання ва Украіну.
Паводле «СНплюс», пераклад НЧ