Каб «выратаваць» Херсон, Пуцін можа кінуць у бой беларускую армію

Лукашэнка цяпер мусіць даказваць Пуціну, што ён яму патрэбны. Паражэнне Расіі ў Херсоне небяспечнае для Беларусі. Палітолаг Павел Усаў разважае пра пагрозу хуткага ўцягвання беларускіх салдат у вайну.

Фота Вгору

Фота Вгору

Падобна на тое, што рускія інфармацыйна і псіхалагічна рыхтуюцца да здачы Херсона. Пра гэта можа сведчыць заява «камандуючага ваеннай аперацыяй ва Украіне» генерала Суравікіна:

«Натаўскае кіраўніцтва ўзброенымі сіламі Украіны ўжо даўно патрабуе ад кіеўскага рэжыму наступальных аперацый на херсонскім напрамку, не лічачыся ні з якімі ахвярамі — як у саміх УСУ, так і сярод мірнага насельніцтва... Далейшыя нашы планы і дзеянні ў дачыненні да самога горада Херсон будуць залежаць ад таго, як будзе складвацца ваенна-тактычная сітуацыя. Паўтараю: яна ўжо на сённяшні дзень вельмі няпростая».

Пасля Харкаўскага напрамку гэта будзе найбуйнейшым паражэннем Масквы, якое, хутчэй за ўсё, выкліча абвал фронту на іншых кірунках.

Гэта адаб'ецца на становішчы Беларусі. Ціск (калі засталося куды ціснуць) Пуціна на Лукашэнку ўзрасце. Каб «выратаваць» Херсон, трэба кінуць у бой беларускі рэсурс.

У сваю чаргу павялічыцца ўнутраны супраціў Лукашэнкі, які не можа не разумець, што яго проста адпраўляюць на бойню. Але ў беларускага дыктатара няма магчымасці для зрыву планаў Масквы.

У краіне ўжо артыкуляваліся фігуры, гатовыя да рэалізацыі волі Крамля: Вальфовіч і Церцель.

Як мне здаецца, Лукашэнка трапіў у такое становішча, калі павінен даказваць Пуціну, што ён яму патрэбны.