У многіх гарадах Беларусі ІП адмовіліся працаваць (абноўлена)
Індывідуальныя прадпрымальнікі зачыняюць свае павільёны. Яны заявілі, што не адкрыюцца, пакуль не атрымаюць зразумелага тлумачэння наконт цэнаў.

Ілюстрацыйнае фота
У Баранавічах 27 кастрычніка па ўсім горадзе зачыніліся гандлёвыя павільёны прадстаўнікоў прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміла раніцай 27 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале дзяржаўная раённая газета «Наш край». Пазней інфармацыя пра закрытыя павільёны ІП прыйшла і з іншых гарадоў Беларусі, паведамляе «Зеркало».
ІП абвясцілі, што ставяць сваю дзейнасць на паўзу да тых часоў, пакуль не атрымаюць выразнага тлумачэння, як далей прымяняць механізм цэнаўтварэння, піша «Наш край».
Тэлеграм-канал Матолькі паведаміў, што 27 кастрычніка не адкрылі свае гандлёвыя кропкі ІП у Мінску, Лідзе, Магілёве, Віцебску, Маладзечне і Гомелі.
«Рэгіянальная газета» адзначыла, што на калгасным рынку ў Маладзечне зачыненыя ўсе павільёны, дзе гандлявалі адзеннем і прамтаварамі. Але крамкі з прадуктамі працуюць.
Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў, што забараняе на павышэнне любых цэн у краіне. У той жа дзень беларускі кіраўнік даручыў ураду да 20 кастрычніка зацвердзіць новы парадак іх рэгулявання. Адказнай была прызначана старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Пасля забароны на рост цэнаў Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў падключыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.
Днямі стала вядома, што ў Беларусі распачалі больш за сорак крымінальных спраў з-за «неабгрунтаванага падвышэння цэн», 16 чалавек з-за гэтага змясцілі пад варту.
14 верасня стала вядома, што КДК Брэсцкай вобласці разам з фінансавай міліцыяй палічылі неабгрунтаванымі зніжкі, якія «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» даваў гандлёвым сеткам. Шкода, якую зніжкі нанеслі мясакансерваваму камбінату, склала 500 тысяч рублёў.
Акрамя таго, Камітэт дзяржкантролю распачаў крымінальную справу з-за павышэння цэн у сетцы крамаў «Суседзі». Дырэктар кіруючай кампаніі затрыманы.

19 кастрычніка ўрад нарэшце прыняў новую пастанову аб рэгуляванні цэнаў. У ім пералічаныя 370 відаў тавараў: ад харчавання і адзення да аўтамабіляў і рознага абсталявання. Уводзяцца гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і ўнутранага гандлю. Яны вагаюцца ад 15% да 60%. Павышэнне адпускных цэн, згодна з пастановай, неабходна ўзгадняць з дзяржорганамі. Ёсць і абмежаванні па бартары. З 1 студзеня 2023 года такія здзелкі без дазволу можна заключаць толькі ўнутры холдынгаў або на экспарт. Усё астатняе — толькі з дазволу ўладаў.
Пры гэтым на прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля прыняцця новага дакумента, чыноўнікі ў цэлым пераказалі яго змест, а калі бізнес, які таксама прыйшоў на прэс-канферэнцыю, стаў задаваць канкрэтныя пытанні, то ўзніклі цяжкасці. На некаторыя пытанні ўлады не змаглі даць выразныя і адназначныя адказы. А асобныя тлумачэнні спарадзілі толькі новыя пытанні.
А тым часам пачалі з'яўляцца відэа з зачыненых рынкаў.