У КДК расказалі, за што затрымалі дырэктара сеткі крамаў «Суседзі»

Камітэт дзяржкантролю выявіў факты так званага неабгрунтаванага павышэння коштаў у сетцы крамаў «Суседзі». Як паведаміла прэс-служба ведамства, затрыманы дырэктар.

susedzi.jpeg

 Праверкай устаноўлена, што службовыя асобы кіруючай арганізацыі, ведаючы аб забароне павышэння рознічных коштаў на тавары, не забяспечылі прыняцце належных мер для недапушчэння іх росту ў рознічнай гандлёвай сетцы крамаў «Суседзі», — заявілі ў КДК.
Па матэрыялах ведамства, усяго ў перыяд з 6 па 18 кастрычніка 2022 года былі неабгрунтавана павышаны кошты на больш як 65 асартыментных пазіцый.


У дачыненні да дырэктара кіруючай арганізацыі ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 425 («Бяздзеянне службовай асобы») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Максімальны тэрмін пакарання па артыкуле — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Аб затрыманні кіраўніцтва гандлёвай сеткі СМІ паведамілі 22 кастрычніка.
«Затрыманы амаль усе топ-менеджары, а таксама як мінімум адзін з асноўных бенефіцыяраў — Вадзім Аванесаў», напісала «Наша Н*ва».
Гандлёвая сетка «Суседзі» аб'ядноўвае 180 крамаў і належыць кампаніі «Лібрэцік», якая працуе ў Беларусі больш за 20 гадоў. У мінулым годзе агулам у кампаніі працавалі больш за 5 тысяч чалавек.