«Справядлівыя цэны з усімі наступствамі будуць для народа не самай вялікай праблемай»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай для яго іранічнай манеры разважае, навошта беларускія ўлады замуцілі тэму з рэгуляваннем цэнаў. І вынікі, на думку аўтара, вынікі могуць быць зусім не жартоўныя.


Я неяк нічога не пісаў табе аб усталяванні ў краіне правіла справядлівых цэн. Проста думаў, што няма ніякага сэнсу пісаць, бо наступствы справядлівых цэн у нашай краіне ўжо разумеюць нават самыя адсталыя шэрагі насельніцтва. Табе чаго тлумачыць? А потым падумаў, што і беларускія ўлады ж павінны гэта разумець. Ну, не могуць яны не разумець, улічваючы ўласны багаты вопыт, што эканоміка вытрымае справядлівыя цэны месяцы два-тры, а потым у яе пачнуцца непрыемнасці.

А калі разумеюць, але ўсё роўна робяць, то я бачу для гэтага два магчымыя тлумачэнні.

Першае — простае і ўмоўна аптымістычнае. Ва ўсім вінаватая курыца, сечаная, па пяць рублёў. Убачыў сёй-той гэтую курыцу, моцна знерваваўся і ў сэрцах загадаў зрабіць яму тое-чаго-не-можа-быць, гэта значыць поўную і абсалютную цэнавую стабільнасць. Потым адпусціла, і ўладам трэба было адмяніць цэнавую стабільнасць, але так, каб не выглядаць пры гэтым недарэчна.


Вось яны і прыдумалі пастанову пра новыя правілы цэнавага рэгулявання. Разлічваючы, што за месяц-другі народ прызабудзе пра тое, што павышаць цэны ў краіне «за-ба-ра-ня-ецца!», і можна будзе паволі вярнуць усё, як было. Вядома, гэты варыянт абяцае эканоміцы і асабліва асобным яе ўдзельнікам разнастайныя непрыемнасці. Але нельга сказаць, каб гэта былі такія непрыемнасці, якіх у эканомікі і яе ўдзельнікаў раней не было.

Таму што іншы варыянт, — ён зусім не аптымістычны. Бо можа быць так, што ўвядзенне справядлівых цэн на самай справе стала вынікам сур'ёзнага эканамічнага планавання. Проста гарызонты планавання бываюць розныя. Бываюць на гады, а бываюць на пару месяцаў.

І калі беларускім уладам трэба, каб народ у бліжэйшыя пару месяцаў лішні раз не хваляваўся, гледзячы на цэннікі, то пастановы пра новыя правілы рэгулявання цэн якраз на пару месяцаў і хопіць. Пару месяцаў яно пратрымаецца і забяспечыць цэнавую і, адпаведна, сацыяльную стабільнасць. А праз пару месяца гэта будзе ўжо не важна. Таму што справядлівыя цэны з усімі вынікаючымі наступствамі будуць для народа не самай вялікай праблемай.


Вось Украіна і Захад цяпер кажуць, што пакуль не бачаць пагрозы новага ўварвання з тэрыторыі Беларусі. Ну, правільна, што не бачаць. Уварванне — штука сур'ёзная, да яго рыхтавацца трэба. Правесці ваенныя манеўры. Завезці сабе рэгіянальную групоўку войскаў у вялікіх колькасцях і падцягнуць узровень баявой падрыхтоўкі сярод завезеных. Праверыць спісы ваеннаабавязаных, каб потым не бегаць і іх не шукаць, калі яны табе спатрэбяцца. Урэшце, трэба растлумачыць насельніцтву, адкуль на яго на самай справе рыхтуецца напад і пра прынцып прэвентыўнага ўдару.

І пажадана правесці тлумачэнне на самым высокім генеральскім узроўні. (Бо калі ты рыхтуешся да нападу падступнага ворага, то ты будуеш умацаванні на мяжы. А калі распавядаеш пра тое, што падступны вораг рыхтуе напад, але ўмацаванняў пры гэтым не будуеш, то рыхтуешся, значыць, да чаго-небудзь прама процілеглага). Увогуле, менш чым у пару месяцаў ніяк не ўкласціся. І, вядома, пажадана, каб гэтыя пару месяцаў народ не адцягваўся на высокі ўзровень інфляцыі, а з усіх сіл думаў пра тое, адкуль на яго рыхтуецца напад.

Хоць я ўсё ж схіляюся да таго варыянту, што ва ўсім вінаватая курыца, сечаная, па пяць рублёў. Па-першае таму, што ў дзевяноста працэнтах выпадкаў простае тлумачэнне аказваецца звычайна самым слушным. Акрамя тых дзесяці адсоткаў выпадкаў, калі не аказваецца. А па-другое... Ну, не могуць жа беларускія ўлады не разумець усе згубныя для сябе наступствы.

Праўда?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: