Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 30 лістапада
У Беларусі працягваецца палітычны пераслед апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Расказваем галоўныя навіны сённяшняга дня.
На волю выйшлі фігуранты «студэнцкай справы»Алана Гебрэмарыям, Вольга Філатчанкава і іншыя. Мяркуецца, што сёння павінны былі вызваліць усіх дзесяцярых чалавек, якія сядзелі па гэтай справе.
На Мёрскім металапракатным заводзе сілавікі з Віцебска затрымалі не менш за пяць чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы тыя, хто быў актыўны пасля выбараў. У дамах затрыманых прайшлі ператрусы. Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманым інкрымінуюць «злівы» ў ЧКБ і абразы ў каментарах.
Стала вядома, што ўчора ў Мінску ГУБАЗіК затрымаў сацыялагіню, кандыдатку навук Аксану Шэлест. Разам з Аксанай затрыманы і Кірыл Мальцаў. Дзе яны цяпер і ў чым іх абвінавачваюць, невядома.
Да Марыі Калеснікавай дагэтуль не пускаюць яе бацьку Аляксандра Паўлавіча і адваката, а дыягназ адмаўляюцца паведамляць. Аперацыя прайшла планава і паспяхова, Марыя апрытомнела, але ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяжкім стане.
Сілавікі затрымалі мужчыну за абразлівы каментар на смерць кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, паведамляюць праваабаронцы. У «пакаяльным» відэа затрыманы расказаў, што «ўдзельнічаў у пратэстах 20-га года», а таксама «пакідаў абразлівыя каментары ў адрас сілавікоў і памерлага Уладзіміра Макея». Праўладныя тэлеграм-каналы папярэджваюць, што агулам устаноўлена больш за 20 чалавек у Беларусі, якія пакідалі негатыўныя каментары з нагоды смерці Макея і яшчэ 50 чалавек за мяжой: «Іх чакае вельмі «цёплы прыём» пры вяртанні ў Беларусь», — заяўляюць сілавікі.
Праваабаронцам стала вядома, што 24 лістапада сілавікі прыйшлі ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю «ИНКАССО.ЭКСПЕРТ». «Знялі з маршрутаў пяць ці шэсць чалавек і павезлі з сабой. Некаторых хлопцаў проста апытвалі, а некаторых адпусцілі, прымусіўшы адпісацца пры сілавіках ад «экстрэмісцкіх» каналаў», — кажуць крыніцы. Вядома, што на 10 сутак затрыманы Мікалай Захарчук, Аляксандр Губарэвіч і Максім Баравікоў.
Генпракуратура Беларусі завяла дзве справы супраць экс-пракурора Алега Талерчыка. Яго падазраюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванні сацыяльнай варожасці». Падставай стала інтэрв’ю «Белсату», у якім Талерчык «выказваўся пра прыцягненне да адказнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія засталіся працаваць пасля выбараў у 2020 годзе, правядзенне сярод іх люстрацыі, а таксама пра яго вяртанне з-за мяжы са зброяй у руках».
У Беларусі +18 новых палітвязняў. Гэта Аляксей Кірэеў, Юрый Хрысталюбаў, Андрэй Фамін, Марыя Яшчанка, Багдан Каравец, Віктар Зігінаў, Дзяніс Сідарок, Раман Цыганкоў, Кірыл Казлоў, Аляксандр Кульбачка, Дзмітрый Каракін, Уладзімір Караін, Давід Анташвілі, Аляксандр Пархоменка, Сяргей Макарэвіч, Яўгенія Старавойтава, Яўген Гурын, Ігар Бялаш.
Усяго ў краіне, паводле спісаў «Вясны», 1447 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1711 чалавек. Сярод іх 198 жанчын і 7 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.