Мікалай Статкевіч у чарговы раз моцна хварэе на кавід
Пра хваробу і пра трывожны стан здароўя мужа Марына Адамовіч даведалася з яго ліста, які Мікалай напісаў 20 лістапада, яшчэ да таго, як трапіў у санчастку.
Вось што напісаў Мікалай:
«Ты пісала, што
5-7 лістапада цябе вельмі «насіла». Мабыць, небеспадстаўна, бо 7.11
уся мая пацучыная гаспадарка сышла ў поўным складзе і не вяртаецца. А 8.11
вечарам мяне пачало трэсці — чарговы, трэці [насамрэч, верагодна, чацвёрты,
М.А.] у гэтых месцах неназываемы вірус. Было істотна складаней ад папярэдніх.
Далі 10 дзён «пасцельнага рэжыму» — г. зн. днём нары не
прышпільваюцца да сцяны, матрас не забіраюць. [Дзякаваць богу, не ШІЗА, М.А.]
Недзе з 11.11 па 15.11 быў «пік». Увесь час высокая тэмпература, ламата ў целе і амаль увесь час з невялікімі перапынкамі моцная арытмія. Узнікалі праблемы з атрыманнем прапафенону [у Мікалая гарантаваны запас, але ж ён не ў камеры — хачу выдам, хачу не, М.А.]. Зараз арытміі няма дзён пяць. Істотна палепшылася самаадчуванне. Тэмпература стабілізавалася недзе на ўзроўні 38°. Але ж пройдзе. [...]
Дарэчы, у любым стане ціск быў 120/70. Сам матор у мяне добры, толькі нехта бруднымі пальцамі ў яго электроніку залез, як сказаў бы аўтамабіліст».
«Яно, нібыта, добрыя навіны, калі б не ведаць, што, верагодна, на наступны дзень Мікалай патрапіў у санчастку, — дадала Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў фб. — Нечага чакалі? Ці пагаршэнне? Ні адно, ні другое не радуе. Веру толькі ў яго моц і прагу да жыцця.
Малюся за яго і за Машу. Радуюся за студэнтаў!
Дачакаемся!»