Пра стан здароўя хворага на пнеўманію Мікалая Статкевіча нічога не паведамляюць

Жонцы палітвязня да гэтага часу не ўдалося атрымаць інфармацыю аб стане здароўя Мікалая Статкевіча, які ў калоніі пасля трох перанесеных кавідаў захварэў на пнеўманію. Яго маглі пакінуць без неабходных лекаў, паведаміла Марына Адамовіч.

_dsc1601_logo_1_1_1.jpg


Мікалаю Статкевічу, які адбывае 14-гадовы тэрмін у калоніі, дыягнаставалі пнеўманію пасля трох перанесеных кавідаў. Палітвязень знаходзіцца ў медсанчастцы, пры гэтым да яго не пускаюць адваката.

Марына Адамовіч распавяла, што не ведае, ці перадаюць Статкевічу неабходныя лекі.

«Нельга забыцца на тое, як яшчэ ў кастрычніку «згубіўся» Мікалаеў ліст з дазволам на медбандэроль, не дайшоў да яго ніводны з напісаных мной за наступны месяц лістоў, у якіх я пра той дазвол настойліва пыталася. Гэта ўсё, канешне, барабашка вінаваты. Ці лісты самі «згубіліся»? Толькі больш, чым на месяц, чалавек быў пакінуты без неабходных лекаў. Пасля кавіду. У мяне і сёння няма ніякай упэўненасці, што Мікалай атрымаў тую, нарэшце дасланую мной, бандэроль — лістоў жа няма», — напісала Марына Адамовіч у Фэйсбук.

«Так што ў мяне не параноя, а абгрунтаваны папярэднімі дзеяннямі спецыяльна навучаных людзей страх… Патэлефанавала ў калонію. Хацела запытацца пра стан Мікалая, з доктарам пагаварыць, мо, лекі якія патрэбныя. Ага, канешне! Пра вынікі, мяркую, казаць не трэба. Здароўе зняволенага — дзяржаўная таямніца, і з доктарам пагаварыць таксама немагчыма», — паведаміла яна.


Пры гэтым яна зазначыла, што можна пісаць афіцыйныя запыты ў калонію па электроннай пошце: vi.ik13.pismo@din.gov.by. «Гэта я тонка намякаю, што можна запытацца і пра стан здароўя зняволенага Міколы Статкевіча, і пра тое, чаму да яго не даходзяць вашы лісты», — дадала яна.

Мікалая Статкевіча 14 снежня мінулага года асудзілі паводле «справы Ціханоўскага», прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і прызначылі 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.

У сярэдзіне чэрвеня Статкевіча этапавалі ў Глыбоцкую папраўчую калонію № 13 — адну з самых суровых у Беларусі. Там ён знаходзіцца ва ўмовах асаблівага рэжыму: у гэтым выпадку вязняў трымаюць у камерах, яны маюць права на два спатканні ў год — адно доўгатэрміновае і адно кароткатэрміновае. Таксама такім зняволеным можна атрымліваць адну пасылку і дзве бандэролі ў год.

Нагадаем, такая ж сітуацыя зараз з Марыяй Калеснікавай, якая трапіла ў шпіталь — родныя і адвакат не могуць дазнацца яе дыягназу.