Старшыня Вярхоўнага Суда — у рэанімацыі

Недзяржаўныя СМІ паведамляюць, што 80-гадовы старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала выпаў з публічнага поля з прычыны цяжкай хваробы, і ўжо працяглы час знаходзіцца ў рэанімацыі.

sukalo_ob_amnistii_1_4yhiz.jpg


Як адзначыла «Н*ша Н*ва», Валянцін Сукала ўжо нейкі час не з'яўляецца на працы, роўна як і месяц адсутнічае ў афіцыёзных зводках БелТА. Па інфармацыі выдання, у Сукалы пагоршала здароўе і за яго жыццё дактары змагаюцца ў рэанімацыі.

Валянцін Сукала — ветэран судовай сістэмы СССР і лукашэнкаўскай Беларусі. Нарадзіўся ён у 1942 годзе ў Мінску. Перад паступленнем на юрфак БДУ працаваў токарам.

Паспеў папрацаваць яшчэ міністрам юстыцыі БССР, намеснікам старшыні Вярхоўнага Суда СССР. Быў у ЦК Кампартыі БССР.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі Валянцін Сукала атрымаў пасаду міністра юстыцыі.

У 1997-м, пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму, быў прызначаны старшынёй Вярхоўнага Суда, і дагэтуль займае гэтую пасаду.

«Ëн прыклаўся да стварэння рэжыму асабістай улады і выхалошчвання судовай сістэмы. За час старшынства Сукалы працэнт абвінаваўчых прысудаў дасягнуў 99,7, а па палітычных справах — 100 працэнтаў. Гэта значыць, даказаць невінаватасць у судзе грамадзянам стала абсалютна немагчыма, а суд ператварыўся ў рытуал, які проста прадрукоўвае рашэнні, загадзя прынятыя ў сілавых структурах», — піша выданне.

Нагадаем, на мінулым тыдні раптоўна памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Яму было 64 гады, і яго смерць выклікала багата абмеркаванняў і канспіралагічных тэорый.