«Дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Асудзілі былога вядоўцу БТ Дзмітрыя Лукшу і яго жонку
У Мінскім гарадскім судзе 2 снежня абвясцілі прысуды былому журналісту Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатнаму карэспандэнту казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрыю Лукшу, яго жонцы Паліне Палавінцы, Дзянісу Яроўскаму, а таксама Канстанціну Ніканораву, паведамляюць праваабаронцы.
Іх абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Лукша, Палавінка і Яроўскі знаходзяцца пад вартай. Жонка Дзяніса Анастасія на суд не з'явілася — яе аб'явілі ў вышук.
У выніку суддзя Наталля Бугук прызначыла Дзмітрыю Лукшу чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 000 рублёў). Яго жонка Паліна Палавінка пакарана двума гадамі і шасцю месяцамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3 200 рублёў). Дзянісу Яроўскаму прызначылі адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічынь (3 200 рублёў), Канстанціну Ніканораву — тры гады «хатняй хіміі» і штраф у памеры 100 базавых велічынь (3 200 рублёў).
Паводле версіі абвінавачання, Лукша з лістапада 2021 па сакавік 2022 года «сістэматычна прадстаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь».
«З мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара ён зняў шэраг відэасюжэтаў, што ўтрымлівалі заведама ілжывую інфармацыю, і перадаў іх згаданаму тэлеканалу. У прыватнасці, у лясным масіве ў аг. Лясны Мінскага раёна па яго ўказанні жонка — Паліна Палавінка — хаваючы свой твар, на англійскай мове прадставілася грамадзянкай Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якая нібыта пражывае ў стыхійным лагеры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яна агучыла загадзя падрыхтаваны мужам тэкст з недакладнымі звесткамі аб незахаванні правоў мігрантаў, незадавальненні іх базавых патрэб, дэфіцыце вады і ежы, пры гэтым Лукша пацвердзіў, што нібыта асабіста назіраў парушэнні.
Або іншы прыклад. На відэазапіс, зняты за мяжой, на якім дэманстраваўся дэфіцыт харчовых тавараў і замежнай валюты, Лукша наклаў свой закадравы голас, пры гэтым паведаміў, што ў сюжэце паказана сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў абвінавачванні.
Гэтыя і іншыя відэасюжэты Лукша накіраваў прадстаўнікам замежнага тэлеканала, якія размясцілі іх на сваіх афіцыйных рэсурсах.
Акрамя таго, паводле версіі абвінавачання, у 2020 годзе Лукша, яго жонка, двое іншых абвінавачаных таксама прымалі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак у сталіцы.
Анастасіі Яроўскай таксама ставіцца ў віну тое, што яна размяшчала ў Instagram паведамленні, у якіх яна:
· - прыніжала праваахоўнікаў, фарміруючы негатыўны сацыяльны стэрэатып і варожае стаўленне да беларускай праваахоўнай сістэмы і яе прадстаўнікоў;
· - заклікала працоўных да страйку з парушэннем устаноўленага парадку яго правядзення, пераконваючы ў правільнасці, апраўданасці і абгрунтаванасці такога ўдзелу, тады як у рэчаіснасці гэта было накіравана выключна на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і выкарыстоўвалася як форма барацьбы з уладай.
Такім чынам, пяці фігурантам справы інкрымінаваныя:
Дзмітрыю Лукшы — арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
жонцы Лукшы Паліне Палавінцы — ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК («Дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
Дзянісу Яроўскаму — ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
аператару Канстанціну Ніканораву — ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК («Дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»);
Анастасіі Яроўскай — ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
Паведамляецца, што Дзмітрый Лукша прызнаў віну цалкам.