Памёр Уладзімір Макей. Папярэдне, праз інфаркт
Памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Макею было 64 гады. Прычыны і абставіны смерці невядомыя.
Уладзімір Макей нарадзіўся 5 жніўня 1958 года ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна, што на Гарадзеншчыне. Міністрам замежных спраў пры Лукашэнку ён працаваў з 2012 года. Раней цягам чатырох гадоў узначальваў адміністрацыю Лукашэнкі.
25 лістапада Макей правёў сустрэчу з ватыканскім нунцыем Ёзічам. Нагодай стала 30-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам.
На гэтым тыдні Макей таксама прысутнічаў на саміце АДКБ у Ерэване, куды лётаў разам з Вальфовічам і Хрэніным чамусьці на ваенным транспартным самалёце.
Лукашэнка пакуль не выказаў спачуванні сваякам Макея.
UPD. Лукашэнка ўсё ж выказаў спачуванні блізкім нябожчыка.
Як паведамляе «Н*ша Ніва», прычынай смерці міністра мог стаць інфаркт. У гэты момант Макей быў дома ў Драздах. Наколькі вядома, ён не звярнуўся своечасова да медыкаў, бо не ўспрыняў свой стан усур’ёз.