Макей быў архітэктарам «мяккай лібералізацыі», але ў 2020-м выбраў бок Зла

Былы дэпутат вярхоўнага Савета і публіцыст Сяргей Навумчык — пра Уладзіміра Макея, які нечакана для ўсіх памёр 26 лістапада.

makej_1_0.jpg

«Менавіта Макей быў архітэктарам «мяккай лібэралізацыі» (яе яшчэ называюць «мяккай беларусізацыяй») 2015-2019 гадоў, — піша Сяргей Навумчык. — Прысьвечаная Васілю Быкаву выстава ў МЗС (з сумесным зь пісьменьнікам фотаздымкам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, між іншым), чытаньне вершаў Купалы там жа, крамы з нацыянальнай сымболікай у Менску і ў іншых гарадах, канцэрты і многае іншае, што сёньня ўспрымаецца як сон. Зь якіх прычын гэта рабілася — можна спрачацца, сёньня гэта ня робіцца і за такое адпраўляюць пад суд. Мы былі б неаб'ектыўнымі і несумленнымі, калі б выкрасьлілі гэта.

Ведаю, што без яго згоды былі б немагчымыя мае некалькі прыездаў у Беларусь (і беспраблемных выездаў). Пэўна, рэжым вырашаў гэтым свае мэты (чакалі, што ўсьлед за мной прыедзе і Пазьняк — дарэмна), але і я вырашыў свае: мне ўдалося ўратаваць і вывезьці каштоўныя для гісторыі дакумэнты і матэрыялы, зьвязаныя з дзейнасьцю апазыцыі БНФ у ВС-12. Бяз іх тры мае апошнія кнігі пра Адраджэньне пачатку 90-х былі б немагчымыя. Скажу як ёсьць — удзячны яму за гэта.

Я ня быў зь ліку тых, хто ўскладаў нейкія асаблівыя надзеі на Макея да 2020 году, хаця дапускаў, што ў пэўнай сытуацыі на пэўны час ён мог бы быць тым, пра каго кажуць «пераходная фігура». Як, скажам, Малянкоў пасьля Сталіна (ён, а не Хрушчоў, пачаў дэмантаж сыстэмы — разам зь Берыяй, між іншым). Вельмі часта пасьля тырана прыходзіць паў-тыран ці на чвэрць-тыран; па праўдзе кажучы, у нашых шыротах я ня ведаю іншага прыкладу.

І ўсё ж, як Ельцын перакрэсьліў свае заслугі прызначэньнем пераемнікам Пуціна, гэтак і Макей у 2020-м падштурхнуў пад адхон тое, чаму (з тых ці іншых прычынаў ці мэтаў) паспрыяў.

У 2020 ён абраў бок Зла. Магчыма, ён думаў, што гэта не канчатковы выбар — але Бог распарадзіўся гэтак, што ў яго выпадку — канчатковы.

Таму ні на хвіліну ня варта станавіцца на бок Зла».