Пустэча пасля Макея

На саміт АДКБ у ваенна-транспартным самалёце ляцелі трое. Аднаго з іх потым назвалі, як удзельніка змовы па зрынанні Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнцкай пасады. Але раптоўна памёр не ён, а яго спадарожнік. Цікава, праўда?

v_belarusi_vvedjon_rezhim_kontrterroristicheskoj_operacii_50e4750.jpg

«Чалавек іншым разам раптоўна смяротны»

Безумоўна, цяпер будзе шмат канспіралагічных тэорый наконт раптоўнай смерці чалавека, які займаў у Беларусі пасаду міністра замежных спраў — Уладзіміра Макея. Таму што інфармацыя аб яго смерці досыць сціплая. Афіцыйныя СМІ паведамляюць, што ён памёр «раптоўна», ад чаго — не ўдакладняецца. Недзяржаўныя СМІ са спасылкай на свае крыніцы кажуць пра інфаркт. Пры гэтым тыя ж крыніцы расказалі, што Макей «не ўспрыняў свой стан сур'ёзна» і несвоечасова звярнуўся да медыкаў.

Гэта і дзіўна: чалавек настолькі лічыў сябе здаровым, што лётаў ваенным транспартнікам у Ерэван, пасля чаго прачытаў у АДКБ лекцыю пра тое, як «падступны Захад» цягне свае шчупальцы да Беларусі, вярнуўся ў Мінск, сустрэўся з апостальскім нунцыем і «раптоўна памёр».

Асабіста мне ў парадку канспіралагічнай тэорыі ўзгадваецца аналагічная загадкавая смерць экс-мэра Маладзечна і адной з яскравых асоб беларускай апазіцыі Генадзя Карпенкі ў 1999 годзе. Той таксама нечакана і раптоўна памёр пасля таго, як заявіў пра намер вылучацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Але ў Карпенкі за тыдзень да смерці (паводле афіцыйнай версіі — ад кровазліцця ў мозг) хоць бы здарыўся інсульт. А вось Макей, мяркуючы па яго паводзінах, быў цалкам здаровы. І лічыў сябе такім аж да адмовы звяртацца да лекараў.

Варта адзначыць, што Макея разглядалі калі не ўсё, то многія, як магчымую «кампрамісную» або «пераходную» фігуру пасля сыходу ад улады Лукашэнкі. А некаторыя казалі, што ён і зусім разглядаўся як «пераемнік» Лукашэнкі. Праўда, казалі гэта да 2020 года.

У гэтым і ёсць падабенства Карпенкі і Макея. Абодва цалкам маглі заняць месца Лукашэнкі, і абодва раптоўна і нечакана сканалі.

У любым выпадку, канспіралагічных версій цяпер будзе шмат. І ці маюць яны пад сабой нейкую падставу — як кажуць, «ускрыццё пакажа». Выбачайце за чорны гумар, але, магчыма, яно нешта пакажа і ў прамым сэнсе.

Уладзімір Макей адзін час папулярызаваў «вышыванку»

Уладзімір Макей адзін час папулярызаваў «вышыванку»


Хто пасля Макея?

Гэтым пытаннем задаюцца многія. Але самым дакладным адказам на яго будзе сустрэчнае пытанне: «А якая розніца?».

Вось, скажам, Наталля Качанава. Яна даказала сваю вернасць Лукашэнку, але ўжо ўсіх дастала сваімі ініцыятывамі да месца і не да месца, і выказваннямі з нагоды і без. Дык чаму б яе не паставіць на тое месца, дзе акрамя выказванняў нічога не патрабуецца? Дарэчы, і нябожчык Макей прыйшоў кіраваць МЗС з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Або, да прыкладу, Уладзімір Андрэйчанка. Ён ходзіць у старшынях Палаты прадстаўнікоў аж з 2008 года, ужо 15 гадоў. Ці не надышоў час яму неяк аддзячыць?

Калі на гэтую пасаду патрэбны чалавек з дыпламатычным бэкграўндам, то ў той жа Палаце прадстаўнікоў праціраюць крэслы Андрэй Савіных і Валерый Варанецкі.

У нашым дыпламатычным ведамстве, дарэчы, ёсць традыцыя выпраўляць на дыпламатычную службу прэс-сакратароў МЗС. Той жа Савіных пайшоў у дыпламаты якраз з пасады прэс-сакратара. Дык чаму б не перайначыць традыцыю, і не прызначыць сённяшняга спікера МЗС Анатоля Глаза адразу міністрам?

Хто стане новым кіраўніком беларускага МЗС, не важна па адной простай прычыне — пасля 2020 года ў нас няма замежных спраў. Уся наша знешнепалітычная дзейнасць звялася да дзвюх функцый. Першая — агучваць на дыпламатычным узроўні паранаідальнае трызненне цяперашняга кіраўніка дзяржавы аб тым, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад» і пра «НАТА рухаецца да нашых межаў». І другая — націскаць на кнопкі ў ААН сінхронна з Расіяй. Больш ніякіх функцый у МЗС няма.

А калі хтосьці раптам заікнецца аб тым, што беларускія амбасады і консульствы павінны «аказваць дапамогу нашым грамадзянам за мяжой», то гэтага наіўнага чалавека засмяюць дзясяткі тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну за апошнія паўтара года, і рэальна сутыкаліся з тым, як працуюць нашы амбасады і консульствы. Ды што там — нават фарміраванне выбарчых участкаў за мяжой адмянілі, якая там праца?

Таму, хто б не прыйшоў на змену Макею — ён будзе рабіць тое ж, што і Макей у апошнія два гады: распавядаць пра «падступны Захад», і, уласна, усё. Іншай знешняй палітыкі ў нас няма.

Адзінае, у чым можна не сумнявацца — новае прызначэнне будзе здзейснена не з прынцыпаў прафесіяналізму, а з прынцыпаў асабістай адданасці Лукашэнку.


«Дамоваў» не будзе

Але смерць Макея не застанецца зусім без наступстваў. Яны, безумоўна, будуць. Не ў лепшы бок, вядома.

Макей сапраўды быў адным з «архітэктараў адлігі». Ён быў прызначаны на пасаду міністра ў 2012 годзе — пасля таго, як прайшлі палітычныя працэсы за «Плошчу 2010», былі ўведзеныя санкцыі за парушэнні правоў чалавека, Беларусь накрыў маштабны фінансавы крызіс 2011 года… І пры гэтым дзяржаве трэба было неяк правесці ў 2014 годзе Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай.

І Макей зрабіў усё, каб «разруліць» сітуацыю. Чэмпіянат у Беларусі ўсё ж адбыўся — не ў малой ступені дзякуючы МЗС і Макею. А ў 2015 годзе і санкцыі часткова знялі. Як паказала практыка — не назаўсёды, але…

Уладзімір Макей і старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская ў час аднаго са з'ездаў беларусаў свету 

Уладзімір Макей і старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская ў час аднаго са з'ездаў беларусаў свету 


Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што Макей быў каналам для магчымых «кулуарных дамоўленасцяў» з Захадам. Не далей як вясной гэтага года нябожчык пісаў лісты заходнім дыпламатам з прапановай аднавіць дыялог, спекулюючы на тэме страты нацыянальнага суверэнітэту з-за збліжэння з Расіяй. Спроба залічаная не была, але ўсё ж яна паказвае, што нават у «ледніковы перыяд» стасункаў з Захадам Макей мог туды «паслаць сігнал».

Наўрад ці новы міністр замежных спраў будзе валодаць такімі ж каналамі і сувязямі, як Макей. А гэта значыць, што «кулуарна дамовіцца» з Еўропай будзе значна складаней.

З гэтага пункту гледжання некаторыя ўжо адзначылі, што «раптоўная смерць дасведчанага беларускага дыпламата выгадная Крамлю».

Разважаць пра тое, што ўжо не здарыцца — справа бескарысная. Мы ж запомнім Уладзіміра Макея як чалавека, які калісьці папулярызаваў «вышыванку», выступаў на з'ездзе беларусаў свету і мог многае зрабіць для Беларусі. Але замест гэтага падтрымаў дыктатуру і фактычна загубіў усё, што з такой цяжкасцю выбудоўваў 10 гадоў. А канкрэтна — забіў беларускую знешнюю палітыку сваімі ж рукамі.

І ў выніку атрымаў ад улады, якой ён верна служыў, некралог дзесьці паміж праблемамі вёскі і прагнозам надвор'я.

Справядліва. Заслужыў.



belta_26_1.jpg