Мікалай Статкевіч захварэў за кратамі і трапіў у санчастку
Палітык-палітвязень Мікалай Статкевіч захварэў за кратамі на пнеўманію. Прычым, відаць, стан у яго не самы лепшы — прынамсі кіраўніцтва калоніі на падставе клопату пра здароўе вязня адмовілася пусціць да яго адваката.
Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч. Цяпер Статкевіч знаходзіцца ў медсанчастцы.
«Сёння да Міколы Статкевіча не пусцілі адваката. Прычына? Патлумачылі клопатам аб яго здароўі. Мікалай — у медсанчастцы. У яго пнеўманія. Пасля трох ранейшых кавідаў.
Я не хвалююся — я крычу».
Марына Адамовіч згадвае, што яшчэ ў лісце ад 10 лістапада Мікалай Статкевіч пісаў,
што «падчапіў нейкі вірус». Аднак там жа палітык адзначыў, што 11-га збіралася чарговая камісія, каб разглядаць яго «парушэнні», а фактычна гэта значыць — зноў ШІЗА. Адпаведна, захварэў Статкевіч яшчэ да таго, як зноў мог трапіць у ШІЗА.
«У санчастцы Мікалай нядаўна, усяго пару дзён. Вось я і думаю, дзе ён правёў папярэднія, мінімум, дзесяць? Верагодна, у ШІЗА. На жаль, я гэтага дакладна не ведаю. Я вельмі хачу памыляцца. Але новых лістоў — няма, затое інфармацыя пра «камісію» — ёсць. Што за ёй цягнецца ШІЗА, таксама вядома. Тэмпература ж у яго была яшчэ два тыдні таму. Перад тым як размясціць чалавека ў ШІЗА, доктар абавязаны засведчыць, што вязень па стану здароўя можа там знаходзіцца. Праўда?..
Што трэба было рабіць гэтыя два тыдні, наколькі трэба было ігнараваць стан чалавека, каб ён, у выніку, апынуўся ў медсанчастцы? І якім «кранальным» мусіць быць клопат пра яго здароўе зараз, каб не пусціць да яго адваката?»
Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Пазней суд прызначыў яму 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў.
Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Пазней суд прызначыў яму 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў.