Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 23 лістапада

Галоўныя навіны краіны за сённяшні дзень у адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц


У Савеце Рэспублікі ўхвалілі прыняцце Закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Улады збіраюцца выпусціць на волю каля чатырох тысяч чалавек, яшчэ прыкладна тром тысячам зняволеных скароцяць тэрміны адбыцця пакарання. Палітвязняў выпускаць не плануецца.
На ААТ «СветлагорскХімвалакно» затрымалі галоўнага энергетыка і вядучага эканаміста. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, падставай для затрымання маглі стаць каментары ў інтэрнэце.
Гродзенскі абласны суд адклаў на нявызначаны тэрмін разгляд справы палітвязня Анджэя Пачобута. Судовы працэс мусіў пачацца 28 лістапада. Прычыны адтэрміноўкі не называюцца.
Кіраўніку аб'яднання беларускіх прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатолю Шумчанкупрысудзілі 15 базавых велічынь штрафу (480 рублёў) за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»: яшчэ восем гадоў таму Шумчанка перасылаў камусьці спасылку на адзін з забароненых цяпер рэсурсаў. Гэта і стала нагодай для складання адміністрацыйнага пратакола.
Магілёўскі абласны суд перагледзеў справу 20-гадовай палітзняволенай Дануты Перадні і пакінуў прысуд раённага суда ў сіле: 6,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму — за «прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» і «абразу Лукашэнкі».
У Мінску затрымалі сузаснавальніка праекта «Умный Минск» Сяргея Саўкіна. Праект робіць інтэрактыўныя праграмы для дзяцей і бацькоў. Праўладныя ТГ-каналы абвінавацілі Саўкіна ў тым, што ён «упіхваў дзецям і іх бацькам палітычны падтэкст».
У Верхнядзвінску пасля ператрусу затрымалі грамадскую актывістку Валянціну Болбат. Сілавікі канфіскавалі тэхніку і павезлі жанчыну ў невядомым кірунку. Прычыны для затрымання не паведамілі. Верагодна, яно адбылося ў межах рэйду на былых актывістаў Руху «За Свабоду». КДБ сёння пабываў у баранавіцкага актывіста гэтай арганізацыі Юрыя Казакевіча, уладальніка крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт». Учора яны былі з ператрусам у паэта і барда, рэдактара незалежнага сайта beshankovichi.by Георгія Станкевіча, якога таксама дапытвалі пра Рух «За Свабоду».
У Мінску затрымалі супрацоўніка Міністэрства фінансаў, былога выкладчыка БДТУ. На відэа, якое з’явілася ў праўладных Telegram-каналах, мужчына «прызнаецца», што перадаваў звесткі «Чорнай кнізе Беларусі», «быў падпісаны на «дэструктыўныя» каналы, удзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў супрацоўнікаў міліцыі».
Паводле праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі налічваецца 1450 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissident.by» вызнае палітычнымі зняволенымі 1718 чалавек, сярод іх — 208 жанчын, 7 непаўнагадовых, 14 чалавек былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.