Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух журналістаў

Гэта Іван Мураўёў і гомельскі краязнаўца Яўген Меркіс. Меркіс супрацоўнічаў у тым ліку з «Новым часам».

Яўген Меркіс

Яўген Меркіс


Як адзначаюць праваабаронцы, Івану Мураўёву выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361-1 КК РБ (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Па гэтым абвінавачанні журналісту пагражае абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. На сёння Іван Мураўёў знаходзіцца ў СІЗА №1 горада Мінска.

Іван Мураўёў – журналіст, аператар і фатограф, якога раней ужо затрымлівалі ў жніўні 2020 года.

Яўгену Меркісу выставілі абвінавачанне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па дадзеным артыкуле журналіст можа быць пакараны абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Яўген Меркіс — журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю.


«Празмерна шырокія і расплывістыя вызначэнні “экстрэмісцкай дзейнасці” і “экстрэмісцкага фармавання”, прадугледжаныя беларускім заканадаўствам, дазваляюць уладам маніпуляваць дадзенымі фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежавання права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый. З 2021 года назіраецца масавая практыка адвольнага прызнання “экстрэмісцкімі матэрыяламі” публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаннем беларускіх СМІ “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Адной з самых абуральных формаў пераследу зʼяўляецца прыцягненне журналістаў да крымінальнай адказнасці ў звязку з удзелам у экстрэмісцкім фармаванні ці садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Праваабаронцы лічаць, што дзеянні сілавікоў у дачыненні да Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з'яўляюцца «працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова».

«Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса з'яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі», — заявілі праваабаронцы і прызналі Івана Мураўёва i Яўгена Меркіса палітычнымі зняволенымі.

На сёння праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі 1343 чалавекі. Ініцыятыва Dissidentby налічвае 1650 палітычных зняволеных. Але насамрэч лічба зняволеных па палітычных матывах значна большая.