Журналіст Алег Груздзіловіч выйшаў на волю і адразу з’ехаў у Літву
21 верасня 63-гадовы Алег Груздзіловіч, якога асудзілі на 1,5 года зняволення, выйшаў на волю з магілёўскай калоніі №15. Груздзіловіч прабыў за кратамі амаль 9 месяцаў.

Пасля вызвалення Алег разам з жонкай Мар'янай выехаў у Літву, паведамляе Радыё Св*бода.
«У Алега скралі час, пакуль ён быў несправядліва зняволены, які ён і ягоная сям’я ніколі не вернуць, і я вельмі шчаслівы, што цяпер ён уз'яднаецца са сваёй жонкай і іншымі блізкімі, — сказаў прэзідэнт Радыё Свабодная Еўропа (RFE/RL) Джэймі Флай. — Я ўдзячны прадстаўнікам міжнароднай і праваабарончай супольнасці за няспынную падтрымку ў справе Алега, але нашая праца не скончаная. Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык таксама павінны быць неадкладна вызваленыя».
Груздзіловіча абвінавачвалі паводле трох эпізодаў удзелу ў «масавых беспарадках» падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і гвалту (артыкул 342). Пракурор запатрабаваў для журналіста паўтара гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя пагадзіўся з такім патрабаваннем. Таксама Алегу Груздзіловічу выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.
Пазней «Мінсктранс» часткова адмовіўся ад грашовых прэтэнзій да журналіста.

На нядаўняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець праект амністыі для зняволеных да Дня народнага адзінства, дадаўшы, што «яна дапушчальная толькі ў адносінах да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае». Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю можа патрапіць ад 8 тысяч вязняў. Аднак законапраект аб амністыі пакуль не паступіў у Палату прадстаўнікоў.