Апошняе слова на судзе журналіста Алега Груздзіловіча

2 сакавіка суд Савецкага раёна Мінску пачаў разгляд справы былога журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча. Яго абвінавачваюць у 3 эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 году і гвалту.

Алег Груздзіловіч на судзе

Алег Груздзіловіч на судзе



Пракурор запатрабаваў пакараць Груздзіловіча тэрмінам у 1,5 года зняволеньня ў калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат Груздзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачанне неабгрунтаваным, бо ў дзеяннях Груздзіловіча няма складу злачынства, і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд.

«Свабода» публікуе апошняе слова Алега Груздзіловіча ў судзе:

«Я шмат гадоў працаваў у журналістыцы. На "Радыё Свабода" я, сярод іншага, наведваў і асвятляў розныя суды. І вельмі часта ў мяне ўзнікала пытанне: з'яўляецца справа палітычна матываванай ці не? І цяпер, калі я апынуўся з гэтага боку, у клетцы, не магу не сказаць, што маю справу ўсё ж трэба лічыць палітычнай. І тут ёсць два складнікі.

Па-першае (і адвакат на гэта таксама звярнула ўвагу) — чаму ў маёй справе з'явіліся бел-чырвона-белы сцяжок і маленькі вымпел з "Пагоняй", якія не былі раней забароненыя? Я так разумею, толькі для таго, каб даказаць, што я з'яўляюся прыхільнікам іншых поглядаў. І значыць, мяне за гэта можна судзіць. Гэта адзін чыннік.

Другі чыннік: я запісаў слова, якое ўжыў у абвінавачанні пракурор, — "падбухторваць" (па-расійску — "подстрекать"). Атрымліваецца, што журналісты "падбухторвалі" сытуацыю тым, што спрабавалі аб’ектыўна асвятляць тое, што адбывалася на вуліцах. Але я з гэтым рашуча не згодны — я лічу, што мая журналісцкая дзейнасць зводзілася да таго, каб працаваць аб’ектыўна. Падбухторвалі, на мой погляд, якраз тыя, хто скажаў інфармацыю і даваў яе непраўдзіва.

Ва ўсіх эпізодах, якія тут разглядаліся, я выконваў рэдакцыйныя заданні, спрабуючы разабрацца ў тым, што адбываецца насамрэч. І прыходзячы, напрыклад, на марш, я стараўся абысці яго з усіх бакоў, каб аб’ектыўна ацаніць колькасць прысутных, паглядзець, як працуюць сілы правапарадку, агрэсіўна ці не агрэсіўна паводзяць сябе дэманстранты, ці ёсць там сутычкі, ці іх няма.... Усё гэта немагчыма аб’ектыўна зразумець, калі ты не знаходзішся хаця б побач з падзеямі. У гэтым, я лічу, і палягае праца журналіста. Калі я бачыў, як працуюць некаторыя калегі, напрыклад, з дзяржаўных СМІ, спрабуючы даць ацэнку збоку, праз манітор — то гэта не тая інфармацыя, якой можна паверыць, на маю думку.

І таму мне даводзілася быць там, дзе былі падзеі, назіраць за імі, рабіць фота, каб можна было потым паказаць і даказаць, як было папраўдзе. Гэта мая праца, якую я рабіў, і я ў прынцыпе не адмаўляюся ад яе.

Калі падсумаваць тое, што я назіраю зараз, што адбываецца са мной, што адбываецца з іншымі людзьмі (а я на Валадарцы сустракаю шмат калег — журналістаў "Нашай Нівы", "Нашай гісторыі", Tut.by, "БелаПАН", я там бачыў вядомых сацыёлагаў, філосафа Мацкевіча і іншых...), то гэта дазваляе мне зрабіць наступную выснову. Ідзе змаганне не проста са свабодай слова, а ідзе змаганне са свабодай думкі. З магчымасцю людзей думаць свабодна і выказваць свае думкі і погляды. Я з гэтым цалкам не згодны!

Я думаю, што грамадства, калі яно змагаецца з думкамі, вяртаецца ў некія старыя часы. Мне гэта нагадвае канец 80-х, калі мне, тады карэспандэнту "Знамя юности", даводзілася ў размовах з рэдактарам даказваць, што мы мусім паведамляць пра розныя акцыі — напрыклад, пра суботнік у Курапатах, ці іншыя падзеі, якія афіцыйна ніяк не асвятляліся. Тады гэта рабілася з той самай мэтай — не даваць інфармацыю людзям, каб яны не думалі пра свабоду і іншыя шляхі развіцця. Вось мы туды зараз і вяртаемся — на шмат гадоў таму.

З свайго досведу журналісцкай працы ў судах я ведаю, што звычайна ў такіх абставінах прынята пра нешта прасіць суд. Я не буду нічога прасіць у суду. Я думаю, што суд сам прыме рашэнне. Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч, які выступаў тут раней, казаў, што ён спадзяецца на справядлівае рашэнне, я з ім згодны.

Але ўсё ж у мяне ёсць маленькая просьба. Я б хацеў, каб суд прыняў рашэнне вярнуць мне той маленькі вымпел з "Пагоняй", які ў мяне забралі. Рэч у тым, што гэты вымпел я набыў больш за 20 гадоў таму, калі "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг былі афіцыйнымі, і я абяцаў свайму ўнуку аддаць яго на памяць. І я хацеў бы выканаць сваё абяцанне. Дзякуй!»

Прысуд па справе Алега Груздзіловіча чакаецца 3 лютага а 12.00.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: