Міжнародны суд ААН у Гаазе разгледзіць пазоў Украіны супраць Расіі 7 і 8 сакавіка

Міжнародны суд ААН у Гаазе правядзе слуханні па звароце Украіны ў сувязі з абвінавачаннямі Расіі ў генацыдзе 7 і 8 сакавіка.

c1a31bf0_d5f2_44eb_af81_5b6535ced8c1_w1023_r1_s.jpg


Прадметам слуханняў стане пададзеная Украінай просьба вызначыць забеспячальныя меры. Абараняць інтарэсы Кіева будзе амерыканская юрыдычная фірма Covington & Burling, паведамляе Reuters.

Напярэдадні пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан абвясціў, што пачне расследаваць магчымыя ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ва Украіне.

«Я азнаёміўся з высновамі офіса пракурора, якія вынікаюць з папярэдняга вывучэння сітуацыі ва Украіне (у Крыме і на Данбасе), і пацвердзіў, што ёсць дастатковыя падставы для пачатку расследавання. У прыватнасці, я ўпэўнены, што ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што ва Украіне былі здзейсненыя як ваенныя злачынствы, так і злачынствы супраць чалавечнасці што да падзей, якія ўжо былі ацэнены падчас папярэдняй экспертызы офісам. Улічваючы пашырэнне канфлікту ў апошнія дні, я маю намер, каб гэтае расследаванне таксама ахапіла любыя новыя імаверныя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю майго офісу, якія здзяйсняюцца любым бокам канфлікту на любой частцы тэрыторыі Украіны», — заявіў пракурор.

27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расійскай Федэрацыі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расію да адказнасці, у прыватнасці за скажэнне паняцця «генацыд» для апраўдання агрэсіі супраць Украіны.