«Мінсктранс» часткова адмовіўся ад грашовых прэтэнзій да журналіста Алега Груздзіловіча
У Завадскім раённым судзе Мінска 15 ліпеня разглядалі пазоў «Мінсктрансу» да журналіста Алега Груздзіловіча за шэсце па Партызанскім праспекце 18 кастрычніка 2020 года, калі дэманстранты перакрылі рух транспарту.
Самога Алега Груздзіловіча, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі, на пасяджэнне не прывезлі.
Алег Груздзіловіч як журналіст асвятляў акцыі пратэсту ў 2020 годзе, яго ж пакаралі як удзельніка паўтара гадамі зняволення, а «Мінсктранс» запатрабаваў ад яго кампенсацыі за спынены рух транcпарту.
15 ліпеня ў Завадскім раённым судзе «Мінсктранс» фактычна адмовіўся ад часткі свайго грашовага патрабавання, расказала жонка Алега Мар’яна Груздзіловіч, якая была на працэсе:
«Сёння прайшло “папярэдняе” пасяджэнне, на якім прысутнічалі пракурор і прадстаўніца “Мінсктранса” (грамадзянскі пазоўнік). Алегу выставілі суму 5980 рублёў 11 капеек. Аднак пазоўніца паведаміла, што ўсю гэтую суму ўжо цалкам сплацілі іншыя асобы. Таму пракурор папрасіў лічыць гэты пазоў выкананым. Пазоўніца паўтарыла тое самае. Суддзя прыняла гэта “да ўвагі” і абвясціла, што пасяджэнне, на якім вынесуць канчатковае рашэнне, пераносіцца на 25 жніўня 2022 года на 14.15».
Агулам «Мінсктранс» выставіў Алегу Груздзіловічу, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі №15, тры грамадзянскія пазовы — за спыненне транспарту падчас акцый летам і восенню 2020 года на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў.
Акрамя разгляду справы ў Завадскім судзе, чакаецца, што 22 ліпеня ў Маскоўскім раённым судзе, а 25 ліпеня ў Фрунзенскім судзе Мінска разгледзяць яшчэ два пазовы «Мінсктрансу» да Алега Груздзіловіча.
3 сакавіка 2022 году журналіста асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 года. Нібыта Алег спыніў грамадскі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасці, 11 кастрычніка — на вуліцы Кальварыйскай, і 18 кастрычніка — на Партызанскім праспекце.
Жонка Алега Груздзіловіча Мар’яна звяртала ўвагу на тое, што 16 жніўня, калі ў Мінску адбылася самая шматлюдная акцыя, плошча Незалежнасці яшчэ з 10-й раніцы была агароджаная турнікетамі.
«Грамадскі транспарт на праспекце Незалежнасці ў той дзень прэвентыўна быў спынены не дэманстрантамі, а менавіта гарадскімі ўладамі. Алегу інкрымінуюць, што ён спыніў транспарт на цэлы дзень — з 10-й да 20-й гадзіны, а ён там знаходзіўся прыкладна а 16-й гадзіне. Прычым на абсалютна законных падставах — як акрэдытаваны карэспандэнт».