«Суд за 16 жніўня». Хто павінен быць побач з Аксанай Колб?
Аксану Колб за ўдзел у маршы, які адбыўся ў Мінску 16 жніўня 2020 года, прысудзілі да 2,5 гадоў «хіміі». «Мінсктранс» таксама высоўваў традыцыйную позву — амаль 6 тысяч рублёў за перашкоду руху транспарту (яны ўжо даўно пагашаныя). Давайце ўзгадаем той дзень, каб разабрацца, ці справядлівы прысуд.
Так, сапраўды, 16 жніўня 2020 года ў Мінску адбыўся ці не самы масавы марш пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і паліцэйскага гвалту — Марш Свабоды. Але справа ў тым, што гэта было не адзінае на той дзень масавае мерапрыемства з перакрыццём вуліц. І пачалося гэтае перакрыццё нават значна раней за Марш.
Цэнтр беларускай сталіцы, — а дакладней, плошча Незалежнасці, — была перакрытая ад самага ранку. Менавіта ў гэты дзень звезеныя ў усіх рэгіёнаў у «добраахвотна-прымусовым парадку» людзі былі сагнаныя на плошчу Незалежнасці, каб паўдзельнічаць у мітынгу «за бацьку».
Невядома, хто падаваў заяўку на тое мерапрыемства ў Мінгарвыканкам, і ці падаваў яе нехта ўвогуле. Незразумела, хто аплаціў (і ці аплаціў) працу міліцыі, «хуткай дапамогі» і камунальнікаў — прынамсі, я наўскідку такога не ўзгадаю. Але факт у тым, што для падыходу калонаў «працоўных і сялян» быў перакрыты рух на мосце з вуліцы Маскоўскай. Заўважым, — задоўга да таго, як Аксана Колб крочыла на праезную частку.
На мітынгу «за бацьку» выступалі (а значыць, «узялі ў ім актыўны ўдзел») такія асобы, як сёстры Груздзевы, Алег Гайдукевіч, намеснік камандзіра АМАП, падпалкоўнік міліцыі Іван Юрко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ, і галоўнае — сам Аляксандр Лукашэнка.
Калі кіравацца прынцыпам роўнасці ўсіх перад законам, абвінавачванні, высунутыя Аксане Колб, павінны распаўсюджвацца і на іх. Бо іх удзел у масавым мерапрыемстве — значна больш відавочны, чым удзел Аксаны.
А апаненты Лукашэнкі прыйшлі да стэлы «Мінск — горад-герой». І іх там сабралося настолькі багата, што было ўражанне: увесь народ Беларусі прасіў Лукашэнку аддаць уладу і сысці. Хаця, чаму ўражанне? Падаецца, так і было.
Але справа ў тым, што нават пры такім маштабным народным сходзе рух транспарту на адным з важных для Мінска скрыжаванняў перакрыты не быў! Машыны працягвалі рух, і валанцёры нават падвозілі да дэманстрантаў пітную ваду!
Так, потым людзі рушылі ад стэлы да плошчы Незалежнасці і сапраўды перакрылі рух транспарту. Але тым не менш — абвінавачваць у гэтым Аксану Колб? Хаця, калі ёй высоўваюць «арганізацыю і ўдзел» гэтага маршу — дык яна супер-мега-круты арганізатар! (Калектыў «Новага часу, дарэчы, у гэтым ніколі не сумняваўся).
Беларусы прыйшлі да плошчы Незалежнасці — і іх было ў некалькі разоў больш, чым удзельнікаў пралукашэнкаўскага мітынгу. А сам Лукашэнка з трыбуны ацэньваў сваю аўдыторыю ў больш чым 50 тысяч чалавек. Колькі ж выйшла людзей у той дзень толькі на вуліцы Мінска? 300 тысяч? 500 тысяч? А былі ж яшчэ маршы ў рэгіёнах — па ўсёй Беларусі!
Гэта быў узнёслы выхад, гэта была сапраўды народная еднасць. Беларусы адчулі сябе нацыяй. І гэтае адчуванне цяпер не можна задушыць ніякімі паліцэйскімі дубінкамі, ніякімі рэпрэсіямі і судовай самаўпраўнасцю.
Давайце згадваць тыя дні. Не толькі для таго, каб вызначыць віну (а дакладней — невінаватасць) Аксаны Колб. Не для таго, каб нагадаць «Мінсктрансу», хто і калі сапраўды перакрываў вуліцы сталіцы, і хто мусіць сядзець за гэта на адной лаве падсудных з Аксанай Колб. А калі іх там няма — то і Аксана невінаватая.
Нам трэба ўзгадваць той дзень для таго, каб памятаць і зноўку перажываць тыя пачуцці еднасці і прагі да свабоды. І каб ведаць — мы дагэтуль разам. Тады, у жніўні-2020 — гэта былі мы, і мы нікуды не падзеліся. Мы тут, і мы яшчэ выйдзем, і скажам зноў: «Жыве Беларусь!».