З Акрэсціна выйшла Наста Карнацкая, супрацоўніца кнігарні «Кнігаўка»
З ізалятара на Акрэсціна выйшла Наста Карнацкая, супрацоўніца кнігарні «Кнігаўка». За кратамі яна правяла 23 дні.
Супрацоўніцу «Кнігаўкі» літаратуразнаўцу Насту Карнацкую затрымалі разам з дырэктарам кнігарні Андрэем Янушкевічам 16 траўня пасля ператрусу ў толькі што адкрытай кнігарні.
Янушкевіч па-ранейшаму застаецца за кратамі. Суд прызначыў яму спачатку 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак пасля іх адбыцця выдавец на волю не выйшаў, а быў перазатрыманы і асуджаны яшчэ на 10 сутак. Вядома, што трэці суд над Янушкевічам адбыўся 6 чэрвеня. Гэтым разам выдаўцу прысудзілі восем сутак арышту.
Раніцай 16 траўня, у першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая.
Яны чапляліся да ўласнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытанні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду ветэранаў СС» (у рэальнасці на здымку было ўступленне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).
Пасля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі з ператрусам.
17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданнях будзе «праведзена экспертыза».