Помста? Перад самым вызваленнем на палітвязня Арцема Анішчука ўзбудзілі крымінальную справу
Палітзняволены Арцём Анішчук павінен быў выйсці на волю 29 чэрвеня. Нагадаем, што ён быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за нібыта пашкоджанне аўтамабіля жонкі начальніка ДВП. Але зараз стала вядома, што супраць палітвязня распачата новая крымінальная справа — па арт. 369 КК РБ.
![622a5ee53aa2f.png 622a5ee53aa2f.png](/img/v1/images/622a5ee53aa2f.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Арцём Анішчук — фігурант справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў». У зняволенні ён увесь час падвяргаўся ціску і катаванням. Да яго не пускалі адваката, збівалі, змяшчалі ў ШІЗА.
Пра збіццё Арцёма Анішчука начальнікам калоніі Аляксеем Лазарэнкам распавядала жонка вязня. Акрамя таго, на Анішчука спрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 411 КК РБ. Дзякуючы змаганню яго жонкі Вольгі і розгаласу ў грамадстве, справа была спынена, а Арцёма перавялі ў ПК-2 (Бабруйск).
![«Буду чакаць, калі нарэшце змагу абняць мужа» «Буду чакаць, калі нарэшце змагу абняць мужа»](/img/v1/images/arcjom_i_volha_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
8 чэрвеня Арцёма этапавалі на "следчыя дзеянні" ў СТ-4, Магілеў. Цяпер супраць яго распачата новая крымінальная справа па арт. 369 КК РБ. Падставай стала нібыта «абраза міліцыянта» ў закрытым тэлеграм-чаце да затрымання.
20 чэрвеня Арцёму Анішчуку споўніцца 34 гады. Вы можаце падтрымаць вязня лістамі ды паштоўкамі:
212011 г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Турма № 4. Анішчук Арцём Ігаравіч.