З палітвязня Эдуарда Пальчыса, асуджанага на 13 гадоў, спагоняць 575 тысяч рублёў
Суд Заводскага раёна Мінска пастанавіў спагнаць з асуджанага блогера Эдуарда Пальчыса 575 тысяч рублёў "маёмаснай шкоды, прычыненай злачынствамі", паведамляе Генпракуратура.
Пазоў падала мінская пракуратура ў інтарэсах УП "Мінсктурыст", КТУП "Мінсктранс", ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама", АКУП "Спецкамунаўтатранс" і ПКУП "Мінскзеленбуд".
Па сцвярджэнні пракуратуры, прычыненая Пальчысам "маёмасная шкода" выявілася ў "пашкоджанні маёмасці; выдатках на выкананне работ па ліквідацыі наступстваў масавых беспарадкаў; прычыненні страт у выглядзе недаатрыманых даходаў ад спынення руху гарадскога пасажырскага транспарту".
Рашэнне суда не ўступіла ў законную сілу, можа быць абскарджанае і апратэставанае ў апеляцыйным парадку.
17 снежня 2021 года Мінгарсуд прысудзіў блогера Эдуарда Пальчыса да 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ва ўзбуджэнні сацыяльнай варожасці і варожасці, што пацягнула цяжкія наступствы (частка 3 артыкула 130 КК), арганізацыі масавых беспарадкаў (частка 1 артыкула 293 КК), арганізацыі грубага парушэння парадку (частка 1 артыкула 342 КК) і закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі (частка 3 артыкула 361 КК). Судовыя пасяджэнні па справе Пальчыса праходзілі ў закрытым рэжыме.