Яніна Пушкіна: «Напісаў, што горш, чым у СІЗА…»

Ад мастака Алеся Пушкіна прыйшоў першы і пакуль адзіны ліст з калоніі.

ales_pushkin.jpg.webp

30 сакавіка мастак быў асуджаны на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот у знак пратэсту).

Алеся Пушкіна прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў». Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыкла «Беларускі супраціў» і перформанс, які ён правёў ва Украіне.

Мастак знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года. Падаваць апеляцыйную скаргу ён адмовіўся.

У красавіку Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калонію №22 у Івацэвіцкі раён («Воўчыя норы»).

— За ўвесь час, пакуль муж у «Ваўчыных норах», ад яго прыйшоў усяго адзін ліст, — распавяла «Народнай Волі» Яніна Пушкіна. — Амаль месяц ужо наогул няма ніякіх вестак — ні лістоў, ні званка, таму не выключаю, што Алеся змясцілі ў штрафны ізалятар. Адваката ў яго няма, таму няма каму і даведацца, што там адбываецца.

— Пра што пісаў Алесь у тым лісце, што дайшоў да вас?

— Нагадаў, што яму прывезці: спартыўны касцюм, тэлефонную картку. Здаецца, раз на тыдзень дазволена тэлефанаваць з калоніі дадому, але апошнім часам званкоў няма.

Толькі два разы пазваніў, але гаварылі менш за хвіліну, бо, мабыць, карыстаўся чужой карткай. Паспеў сказаць, што ў калоніі яшчэ горш, чым было ў СІЗА на Валадарскага.

Дадаў: чакайце мой ліст, я паведамлю, калі можна будзе прывезці касцюм, тэлефонную картку і астатняе. Але з таго часу, як ужо казала, няма зусім ніякіх вестак.

 “Народная Воля”