«Гэта была правакацыя». Стваральніцу Іўеўскага музея арыштавалі, бо не ўпусціла АМАП

Палітзняволеную Рэгіну Лавор, якая адбывае «хатнюю хімію» ў Іўе, арыштоўвалі за тое, што не ўпусціла дадому АМАП. Стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор адбываць тэрмін у два гады «хатняй хіміі» за абразу намесніка начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара. Рэгіна распавяла пра начную праверку супрацоўнікамі АМАПу, затрыманне на «выхаваўчым мерапрыемстве», агляд і распрананне дагала пад камерамі ў кабінеце РАУС Іўя і ўмовы ўтрымання ў мясцовым ІЧУ.

rehina_lavor.jpg

Нагадаем, 16 верасня 2021 года суд Іўеўскага раёна асудзіў 50-гадовую Рэгіну Лавор да двух гадоў “хатняй хіміі” па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Яе прызналі вінаватай у тым, што яна размясціла ў тэлеграме абразы прадстаўнікоў улады: намесніка начальніка АУС Іўеўскага райвыканкама Андрэя Ярохіна і старшага інспектара Валерыя Горбача.

Першая і другая вымова

Пасля ўступлення прысуду ў сілу жанчыне далі 15 дзён на працаўладкаванне. Рэгіна па адукацыі культуролаг і музеязнаўца, 24 гады адпрацавала ў галіне культуры, таму яна шукала працу ў сферы культуры, але ўсюды яна атрымлівала адмовы, таму Рэгіна зарэгістравалася рамесніцай. У сярэдзіне студзеня жанчына запісалася на прыём да старшыні райвыканкама і атрымала на гэта пісьмовы дазвол у інспектара мясцовага РАУС. Але наведванне райвыканкама усё адно было расцэненае як парушэнне рэжыму «хатняй хіміі».

Увечары 28 студзеня участковы праводзіў чарговую праверку адбыцця «хатняй хіміі» Рэгіны Лавор. 1 лютага раніцай начальнік ДАІ Дзмітрый Ткач выклікаў жанчыну да сябе позвай. Пасля гэтага жанчына пайшла ў інспекцыю, каб атрымаць дазвол ехаць у Мінск для набыцця матэрыялаў для рамесніцтва. Але замест размовы пра працоўную паездку жанчыны, ёй паказалі рапарт аб парушэнні рэжыму адбыцця «хатняй хіміі».

 Чарговая праверка ноччу і АМАП. Трэцяя вымова

Каля 22:00 6 чэрвеня да дому Рэгіны Лавор прыехаў сіні мікрааўтобус без апазнавальных знакаў.

«Машына стала за кустамі. Было адчуванне, што яе хацелі схаваць. Я вырашыла, што гэта супрацоўнікі Дэпартаменту аховы прыехалі з праверкай і спусцілася ўніз. На парозе стаялі тры чалавекі і свяцілі мне ў твар ліхтаром. Чалавек, што свяціў ліхтарыкам, не прадставіўся, а патрабаваў, каб я паказала сваё пасведчанне асобы і адчыніла дзверы. Я прынесла пашпарт і паказала яго праз шкло дзвярэй. На маё пытанне аб пасведчанні службовай асобы, чалавек дастаў нейкі дакумент, я не паспела разгледзець ні фотаздымка, ні звання, ні прозвішча. Паколькі я знаходзілася ў такі позні час дома адна з хворай 86-гадовай маці, я баялася за сваё і яе жыццё, сказала чалавеку, што патэлефаную на службу 102. Ён мне дазволіў.Там мне паведамілі, што хутчэй за ўсё да мяне прыехалі супрацоўнікі Іўеўскага Дэпартаменту аховы з праверкай».

«Я баялася адчыняць дзверы, каб мяне не скралі»

У Іўеўскім РАУСе Рэгіне не папярэджвалі, што іншыя супрацоўнікі могуць правяраць яе.

«Таму я мела падставу лічыць, што гэта ўвогуле не супрацоўнікі міліцыі. Мы жывем у маленькім гарадку і ўсіх супрацоўнікаў, што прыязджаюць з праверкамі я ўжо ведаю. Пры гэтым, яны прадстаўляюцца і паказваюць свае дакументы, а таксама маюць ліст-заданне аб праверцы. Гэтыя людзі мне былі не знаёмыя, не прадставіліся, з якой мэтай прыехалі мне было невядома. Перад гэтым за некалькі дзён суседку маёй сястры абкралі. Я баялася адчыняць дзверы, каб мяне не скралі і не вывезлі ў які лес і папрасіла супрацоўніка на службе 102 прыслаць да мяне нарад».

Пра тое, што жанчына выклікала міліцыю, яна сказала людзям, якія прыехалі да яе і папрасіла пачакаць іх для разбіральніцтваў, але яны адразу ж з’ехалі.

«Пасля таго, як супрацоўнікі Іўеўскага РАУС паехалі, я патэлефанавала на 102, каб адзначыць яшчэ раз што я знаходзілася дома, бо іншай магчымасці пазбегнуць правакацый я не бычыла, супрацоўнік Халява сказаў мне, што першы раз, тыя людзі, што не прадставіліся і былі на машыне без апазнавальных знакаў былі супрацоўнікі УУС Гродзенскага аблвыканкама АМАПу».

«Да мяне маленькай жанчыны прыслалі чатыры здаравенныя супрацоўніка, каб мяне запалохаць»

Супрацоўнікі АМАПу вярнуліся да Рэгіны яшчэ раз уначы:

«Прыблізна каля 1:10 да дому пад'ехаў той жа сіні бус. У дзверы пазванілі адразу ў два званкі і пакуль я спускалася з другога паверху ўжо пачалі грукаць у дзверы. Фары машыны свяцілі ў дом, разам са мной спусцілася і мая сястра. Яшчэ ў доме ў гэты час быў мой муж. Я ўбачыла таго самага чалавека, што прыязджаў увечары і адчыніла дзверы, хоць і баялася і не ведала хто гэта, але я была дома ў гэты час ужо не адна.

Іх было чатыры чалавекі. Яны былі ў зялёным адзенні. Не прадстаўляліся, дакументы не паказвалі. З якой мэтай прыехалі, мне не зразумела. На яго патрабаванні я паказала пашпарт, назвала артыкул па якім асуджана, дыхнула, у пацверджанне таго, што не ўжывала алкаголь.

Для мяне былі дзіўнымі некаторыя яго патрабаванні. Супрацоўнікі Іўеўскага РАУС і Дэпартамента аховы, якія мяне правяралі да гэтага часу паводзілі сябе па-іншаму і пытанні задавалі іншыя. Яшчэ ён сказаў, што яны маюць права правяраць мяне бясконца.

У выніку я не ведаю, хто прыязджаў, з якой мэтай: напалохаць, праверыць, якія я мела правы і як павінна была сябе паводзіць і ў чым парушэнне.

Я разумею адно, што да мяне маленькай жанчыны прыслалі чатыры здаравенныя супрацоўніка, каб мяне запалохаць, аказаць ціск толькі за тое, што я звяртаюся за дазволамі спаткання з матуляй, магчымасці працаваць як рамеснік і на сваім уласным зямельным участку. Ці калі я спаткаюся з матуляй і выйду пасадзіць агарод, я здзейсню злачынства?»


Выклік на «выхаваўчае мерапрыемства» і арышт

20 траўня на рэгістрацыі Рэгіне сказалі, што 6 траўня ў яе было «парушэнне», складзены рапарт і праводзіцца праверка. Але яе адпусцілі і нічога пра вымову больш не казалі. 3 чэрвеня Рэгіна хадзіла на чарговую праверку, дзе ёй выдалі запрашэнне на «выхаваўчае мерапрыемства».

«Ну, цікава, падумала, я. Запрашаюць. Але былі ў мяне нядобрыя прадчуванні».

У абед панядзелка Рэгіна прыйшла ў РАУС на гэтае мерапрыемства — там яе ўжо чакаў начальнік ІЧУ.

«Супрацоўніца пачала адразу зачытваць дакумент, што выдадзена пастанова, што я парушыла 6 траўня ўмовы адбывання пакарання. Дала мне гэтую пастанову пачытаць. Я ўбачыла, што яна была выдадзеная 3 траўня, то бок калі я прыходзіла на рэгістрацыю. Я не разумею, чаму мяне не затрымалі ў пятніцу: ці месца ў ІЧУ не было, ці на выходныя не хацелі.

Я сказала ім, што зразумела, што мне трое сутак выпісалі, але ў чым выхаваўчае мерапрыемства заключаецца? Што вы мне хацелі распавесці, як выхаваць? Чаму ва ўсім свеце выхоўваюць любоўю, а ў нашай краіне — пакараннем і здзекамі?

Калі я прыйшла ў РАУС, то была там адна. Начальнік ІЧУ адразу пачаў размаўляць пагрозамі, абразамі. Я не разумею, чаму ён так сябе паводзіць, калі ў маленькім горадзе ўсе адзін аднаго ведаюць? Начальнік ІЧУ пагражаў калоніяй, называў мяне абібокам, маўляў, я — беспрацоўная — карыстаюся паслугамі адукацыі, здароўя і ўсяго астатняга, а ён плаціць падаткі. Я рамесніца, але я не магу ў нашым горадзе набыць патрэбныя матэрыялы і таму мне няма чым гандляваць. Але мне смешна, бо ў мяне працоўны стаж 30 гадоў. Я не разумею, як такое можна казаць…»

Таксама Рэгіне Лавор выдалі афіцыйнае папярэджанне, у якім гаворыцца, што ў выпадку чатырох парушэнняў ёй могуць змяніць рэжым адбыцця пакарання на больш строгі.

«Такое ўпершыню, каб прасілі зняць у РАУСе майткі і раздзецца дагала». Праверка ў РАУСе

Пасля гэтага Рэгіну завялі ў асобны кабінет у РАУСе для асабістага дагляду.

«Мяне завялі ў звычайны кабінет — гэта не камера ІЧУ, дзе мяне пратрымалі дзве гадзіны. Мяне «перашманалі» ўсю там! Там мне сказалі зняць станік і майткі. Гэта ўсё рабіла жанчына-супрацоўніца РАУС, але ў кабінеце была відэакамера. Я настолькі была здзіўленая гэтаму!

Я чацвёрты раз змяшчалася ў ІЧУ, але такое ўпершыню, каб прасілі зняць у РАУСе майткі і раздзецца дагала. Што я такога магла пранесці ў заднім праходзе? Гэта быў звычайны кабінет у РАУСе».

Потым Рэгіну перавялі ў ІЧУ, дзе таксама абшукалі.

«Трывожны заплечнік», які не дазволілі ўзяць з сабой у камеру

Увесь час у Рэгіны дома ляжыць «трывожны заплечнік», у якім яна падтрыхтавала ўсё неабходнае на выпадак затрымання. Там штаны, швэдар, шкарпэткі, зубная шчотка і паста, мыла, папера, кава, цукар і аўсяная каша. Жанчына ўзяла яго з сабой на «выхаваўчае мерапрыемства», але рэчы з яго ёй не дазволілі ўзяць з сабой у камеру. Рэгіна адзначае, што на ёй быў апрануты кардыган, які начальнік ІЧУ хацеў, каб яна яго пакінула таксама, бо нібыта гэта верхнее адзенне. Але Рэгіне ўсё ж такі дазволілі ўзяць яго з сабой у камеру.

«Можа я знаходжуся ў карцары ці ў ШІЗА?»

«Камера была чыстая — усё было прыгатавана. Адзінае, што была цалкам забітая каналізацыя: усё падымалася і клакатала. На мае пытанні, што з гэтым рабіць, дзяжурны адказваў, што праз некалькі дзён прыйдзе чалавек і ўсё пачысціць.

У панядзелак мне нават не далі вячэру. Я была ў шокавым стане, мне, праўда, было не да вячэры, але ж ўсё ж такі. Да вечара з адкрытай форткай на драўляных нарах я удубела, канешне. У 22 гадзіны мне прынеслі матрац, дзве прасціны і навалачку. Ручніка не было, таму я выціралася навалачкай».

Пад’ём у ІЧУ — у шэсць гадзін раніцы. Арэстанты мусяць скруціць матрацы і чакаць сняданак, але Рэгіна зноў не дачакалася ежы:

«Чую, што ўсім раздаюць, а мне — нічога. Я пагрукала ў дзверы і запытала ў супрацоўніка, чаму мне другі дзень не прыносяць есці. Ён адказаў, што ён на смене з 12 гадзін ночы і не ведае нічога. Тады я запатрабавала выклікаць дзяжурнага з РАУС».

Праз некаторы час дзяжурны праводзіў праверку камер. Рэгіна запыта ў яго, чаму ёй не выдалі ні ручнік, ні паперу, ні ежу, ні яе адзенне.

«Я кажу яму: Вы мне растлумачце, можа я знаходжуся ў карцары ці ў ШІЗА? Пры гэтым знаходзіўся начальнік ІЧУ, які сказаў мне, што я «спазнілася ў ІЧУ». Нібыта яны замаўлялі ежу ў панядзелак у абед, а я паступіла пасля абеду. На што я адказала, што яны ведалі, што яны ўжо ў пятніцу ведалі, што я буду ў панядзелак сядзець у іх. Вы ведалі, што вы мяне пасадзіце і не замовілі харчаванне. Вы не можаце прынесці чалавеку кубак гарбаты і скарынку хлеба? На гэта яны мне сказалі, што трэба было пагрукаць у дзверы і папрасіць. Але, калі мяне садзілі, то начальнік ІЧУ сказаў, што калі буду грукаць ці яшчэ што, то прыкаваць да нараў.

Яны пачалі разбірацца, але ежы не было, тады я папрасіла сваю ежу з заплечніка, бо прымала лекі на галодны страўнік. Праз гадзіну паставы прынёс мне мыла. Я зноў запатрабавала ежу, тады ён мне прынёс каву, кашу і цукар з майго заплечніка. Таксама прынёс мне кіпень.

Я была такая шчаслівая тры дні, што ў мяне была кава. Дома такога не адчуваеш».

«Я патрабавала, што мне належыць па законе»

Па словах Рэгіны, з адзеннем з яе заплечніка таксама было складана. Пасля яшчэ аднаго выкліка дзяжурнага ёй нарэшце далі штаны, швэдар, шкарпэткі і кашулю. Таксама жанчына дамаглася таго, каб у камеры прачысцілі каналізацыю. Праўда, адбылося гэта ўжо на апошнія трэція суткі.

«Я чытала заканадаўства і ведаю, што мусіць быць у арыштантаў. Таму я патрабавала, што мне належыць па законе».

«Трэцяе парушэнне мне не мусілі даваць»

Рэгіна Лавор будзе абшкарджваць трэцюю вымову і пакаранне за яе:

«Трэцяе парушэнне мне не мусілі даваць, бо яны самі парушылі свае ўнутраныя правілы: калі яны прызджаюць, то яны павінны прадставіцца і назваць прычыну, па якой прыехалі, а яны гэтага не зрабілі. Гэта была правакацыя».