Жонка зняволенага Арцёма Анішчука: Пасля пракурорскай праверкі мужа збіваў начальнік калоніі

У магілёўскай калоніі №15 не спыняецца ціск на асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі Арцёма Анішчука, піша «Вясна».

arcjom_aniszczuk_fota_z_sacsetak_logo_1_1_logo.jpg


Арцём Анішчук — фігурант справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў». Акрамя новай крымінальнай справы за парушэнне рэжыму па арт. 411 Крымінальнага кодэкса, Арцёма з 8 чэрвеня ўтрымліваюць у ШІЗА. Сёння стала вядома, што пасля пракурорскай праверкі па фактах апублічвання інфармацыі пра тое, што мужчына праглынуў металічныя прадметы, каб яго перасталі катаваць, мужчыну асабіста збіваў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка. Таксама Арцёму не аказалі аніякай медыцынскай дапамогі пасля таго, як ён праглынуў чатыры металічныя прадметы (ніт, гайку, пласцінку і кручок). Яму зрабілі толькі флюараграфію. Пра катаванні і ціск на мужа праваабаронцам распавяла яго жонка Вольга.


Нагадаем, на пачатку чэрвеня стала вядома, што Арцём Анішчук праглынуў металічныя прадметы, каб адміністрацыя калоніі перастала яго катаваць і здзекавацца з яго. На гэта адрэагавала пракуратура. З пракурорскай праверкай у пенітэнцыярную ўстанову прыехаў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сістэмы і прымусовага выканання. Пасля яго візіту ў тэлеграм-канале Генеральнай пракуратуры былі апублікаваныя яго вынікі:
«Падчас асабістай гутаркі з пракурорскім работнікам Арцём Анішчук не выказваў скаргаў на стан здароўя. На пытанне пра прычыны праглынання іншароднага прадмета растлумачыў, што проста хацеў трапіць у медыцынскую частку».


На сустрэчы з адвакатам Арцём пацвердзіў, што ў калонію прыязджалі прадстаўнікі пракуратуры. Але пасля таго, як яны з’ехалі, Арцёма асабіста збіў начальнік калоніі №15 Аляксей Лазарэнка. Пасля гэтага Арцёма змясцілі ў ШІЗА, дзе ён утрымліваецца з 8 чэрвеня па гэты дзень. Начальнік калоніі Лазарэнка заявіў вязню, што яго будуць утрымліваць у ШІЗА да новага суда па арт. 411 Крымінальнага кодэкса.


Як распавёў сам Арцём, да яго ў камеру на працягу шасці дзён падсаджваюць зняволеных з праблемамі з псіхікай. Ён ужо тыдзень нармальна не спаў.
Таксама Анішчук распавёў, якія менавіта металічныя прадметы ён праглынуў: мэблевы ніт, гайку, металічны кручок і пласцінку памерам 2 на 1 сантыметры. Але, ведаючы ўсю сітуацыю, у калоніі яму зрабілі толькі флюараграфію. Іншай медыцынскай дапамогі яму не аказвалі. Хаця 15 чэрвеня на асабістым прыёме жонкі Арцёма ў лекара яе заверылі, што «яму аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога» і што тры разы на дзень да вязняў ходзяць медыцынскія супрацоўнікі.  


Нагадаем, на Арцёма Анішчука ў магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы»). Прычына новай «крыміналкі» — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца.