Мікалай Халезін: ЕС рыхтуе пяты пакет санкцый на выпадак пагаршэння сітуацыі ў Беларусі

Кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін у сваім тэлеграм-канале напісаў, што ЕС рыхтуе пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Мінска. Паводле яго слоў, яго прымуць у пачатку ліпеня.

2020_09_01t112842z_366885033_rc2npi9us5n6_rtrmadp_3_health_coronavirus_eu_vaccines.jpg.jpg.crdownload

Раней еўрапейцы дапускалі ўзмацненне санкцый у выпадку, калі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе пагаршацца. Эксперты таксама дапускаюць магчымасць рэакцыі ЕС у адказ на несяброўскія крокі Мінска або эскалацыю напружанасці, адзначае «Наша Ніва».

Учора МЗС Беларусі заявіла пра выхад Беларусі з праграмы «Усходняе партнёрства» — платформы супрацоўніцтва краін Еўрасаюза і іх усходніх суседак. Учора ж Мінск заявіў аб выхадзе з дамовы аб рэадмісіі мігрантаў, якая была ўмовай для палягчэння візавага рэжыму. У Еўропе гэтыя крокі назвалі скіраванымі на самаізаляцыю і эскалацыю.

Унутры ж Беларусі працягвае расці колькасць палітзняволеных — многія ў Еўропе лічаць іх закладнікамі, узятымі для гандлю з Захадам. Акрамя таго, практычна любы практычны пратэст цяпер караецца. Тым часам дзяржаўная прапаганда разгарнула ярасную антызаходнюю кампанію. Дэмакратычныя і прававыя краіны Еўрасаюза і ЗША ў ёй прыраўноўваюцца да нацысцкай Нямеччыны.

Акрамя таго, прымаюцца ўсё новыя заканадаўчыя акты, якія расцэньваюцца праваабаронцамі як рэпрэсіўныя.

На сёння праваабаронцам вядомы 1304 фігуранты крымінальных спраў палітычнага характару, пад следствам або ўжо асуджаныя (+201 у параўнанні з 1 мая). Гэтая лічба няпоўная, бо пры такім маштабе валанцёры і СМІ няздольныя даведацца пра ўсе імёны.

Вядома пра 792 зняволеных па крымінальных справах палітычнага характару (+239, было іх 553 па стане на 1 мая). 520 з іх праваабаронцы па выніках дэталёвага вывучэння спраў ужо прызналі палітвязнямі (+159, па стане на 1 мая было 361).

Усяго за май правабаронцы зафіксавалі 332 палітычна матываваныя затрыманні (у красавіку такіх было 304).

«Прававы дэфолт перайшоў у катастрофу», — так каментаваў сітуацыю адзін з беларускіх праваабаронцаў.