Маці палітзняволенага расіяніна Ягора Дуднікава звярнулася да Пуціна. Паглядзіце, што ёй адказалі

20-гадовага расіяніна Ягора Дуднікава з Самары затрымалі беларускія сілавікі 5 мая ў Мінску. Крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яго распачалі праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале «ОГСБ», распавядае «Вясна».

egor_908.jpg

Ягор праз ліст з СІЗА распавёў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання. 31 мая хлопца перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА-1, пра якое ён распавядае як пра месца з жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Маці Ягора Юлія працягвае змагацца за вызваленне сына і звярнулася ўжо ў шматлікія органы. Нядаўна яна папрасіла Следчы камітэт змяніць меру стрымання сына з заключэння пад варту на хатні арышт. Таксама яна звярнулася да Пуціна.

Юлія напісала заяву на імя начальніка упраўлення Следчага камітэта на перавод сына пад хатні арышт. Нагадаем, 25 чэрвеня стала вядома, што палітзняволеную расіянку Сафію Сапега перавялі пад хатні арышт. Нядаўна Ягор распавядаў, што да яго прыходзіць расійскі консул і «дапамагае, чым можа».

Акрамя таго, Юлія звяртаецца па дапамогу ў вырашэнні сітуацыі з сынам да расійскіх органаў. Так, мама Ягора звярнулася да старшыні Дзяржаўнай думы Вячаслава Валодзіна, упаўнаважанага па правах чалавека Расійскай Федэрацыі, а таксама напісала зварот на прамую лінію Уладзіміру Пуціну.

Але сёння жанчыне адказалі, што гэтае пытанне «па-за кампетэнцыяй расійскіх дзяржорганаў і службовых асоб».

dudnikava_90.png

«Мы працягваем змагацца і спадзяёмся на вынік. На дасягнутым я не збіраюся спыняцца. На жаль, многія органы мне адмаўляюцца дапамагчы, але гэта як у лабірынце: калі ў адным баку тупік, значыць, ідзём у іншы бок і працягваем змагацца.

Я хачу заклікаць усіх блізкіх і родных абвінавачаных па палітычных артыкулах, якія трапілі ў складаную сітуацыю, не апускаць рукі, працягваць змагацца за сваіх любімых людзей. Грукаць ва ўсе дзверы — і, магчыма, адны з іх адчыняцца. Вы дапамагаеце не толькі словамі падтрымкі, але і сваёй надзеяй на тое, што ўсё будзе добра.

Нашы родныя, калі выйдуць на волю, скажуць дзякуй, што іх не кінулі, не забыліся і не пакінулі веру, што ўсё наладзіцца. Вашы дзеянні даюць вялікае эмацыйнае падсілкоўванне і падтрымку вашым родным, якія аказаліся ў бядзе. Яны будуць змагацца, верыць і не апусцяць рукі.

Звяртаючыся ў розныя інстанцыі, мы працягваем тую барацьбу, якую пачалі нашы любімыя людзі, і не даём здзяйсняцца беззаконню», — кажа маці 20-гадовага палітвязня Ягора.