Грамадзянін Расіі, затрыманы па «справе Ціханоўскага», патрабуе пазбавіць яго расійскага грамадзянства

Грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў, затрыманы ў Беларусі больш за год таму ў рамках «справы Ціханоўскага», абвінавачвае Пуціна ў хлусні і патрабуе пазбавіць яго грамадзянства Расіі.

Дзмітрый Папоў 

Дзмітрый Папоў 


Пра гэта ён напісаў у лісце да сваёй сястры Юліі Паповай, паведамляе АФН.

«Я больш за год чакаў, што Расія сваіх не кідае, як неаднаразова казаў Пуцін У. У. На праверку аказалася, што гэта зусім не так. На сваіх у Расіі выбарачная слепата. Уступаюцца толькі за тых, дапамога каму можа прынесці палітычныя балы кіраўніцтву Расіі. За простых смяротных, як я, які не здыме санкцыі, не купіць лішні танкер нафты, ніхто не заступіцца. Тым не менш менавіта Расію я называў сваёй Радзімай», — піша Папоў.

«У адказ жа ад аднойчы прыйшоўшага да мяне ў СІЗА-1 консула: “Дзіма, ну вы ж усё разумееце!” Не, не разумею. Я адмаўляюся разумець, чаму за цэлы год расійскае консульства пацікавіліся маёй персонай аднойчы. Я адмаўляюся разумець, чаму той дыялог адбываўся пасля катаванняў у дачыненні да мяне ў прысутнасці супрацоўніка КДБ. Я адмаўляюся прымаць гэткую цынічную расійскую дзяржаву да сваіх грамадзянаў», — напісаў Папоў.

«Я не хачу мець пашпарт краіны, якая гатовая ахвяраваць сваімі грамадзянамі ў інтарэсах іншай краіны. Для мяне гэта подлая і жорсткая здрада. Быць грамадзянінам краіны-здрадніка я не хачу і не буду. Рэзюмуючы ўсё вышэйсказанае прашу прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Пуціна У. У. пазбавіць мяне грамадзянства Расіі», — рэзюмуе Папоў.

Дзмітрый Папоў — мадэратар сацыяльных сетак «Краіны для жыцця», знік увечары 4 чэрвеня. Грамадзянін РФ. У Расіі кіраваў праектамі «Мужское государство» і «Сканер».

Перад знікненнем ён запісаў відэа, у якім распавядае, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі праз некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак арышту і перавезлі ў Мінскі ізалятар часовага ўтрымання. Адтуль яго перавялі ў СІЗА-1.

Беларускай праваабарончай супольнасцю ён прызнаны палітвязнем.

Цяпер у СІЗА Гомеля праходзіць судовы працэс над затрыманымі ў рамках «справы Ціханоўскага». Ён праходзіць у закрытым рэжыме.