Еўрасаюз: шэнгенская віза для беларусаў не падаражэе

Пра гэта заявіла прэсавая прадстаўніца замежнапалітычнай службы ЕС Набіла Масралі. Цана шэнгенскай візы для беларусаў не зменіцца.

e748ab2e_75ff_4f59_a844_f8c777460f30_w1023_r1_s.jpg

«Рашэнне аб прыпыненні дзеяння пагаднення аб рэадмісіі не азначае аўтаматычнага прыпынення дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю ў адпаведнасці з артыкулам аб прыпыненні візавага рэжыму, — сказала Набіла Масралі брусэльскаму карэспандэнту «Свабоды» Рыкарду Юзвяку. — Варта нагадаць, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з'яўляецца адным з найбольш важных інструментаў, якія мы маем для падтрымання моцных чалавечых сувязяў паміж ЕС і беларускім народам. Гэта застаецца асноўнай мэтай ЕС. Дзеянні рэжыму Лукашэнкі ізалююць краіну, але мы робім усё магчымае, каб пры гэтым не быў ізаляваны беларускі народ».

Дзякуючы спрашчэнню візавага рэжыму, была зменшаная цана шэнгенскай візы для беларусаў — з 80 да 35 еўра. З адказу Еўрасаюза вынікае, што яна застанецца такой і пасля прыпынення Беларуссю дзеяння пагаднення аб рэадмісіі.

28 чэрвеня МЗС Беларусі выклікаў кіраўніка Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Дзірка Шубеля і заявіў, сярод іншага, аб прыпыненні свайго ўдзелу ва «Ўсходнім партнёрстве» і пачатку рэалізацыі працэдуры прыпынення дзеяння Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС.