Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства»

Акрамя таго, Беларусь прыпыняе дзеянне пагаднення аб рэадмісіі, якое заключалася ў пакеце з дакументамі аб спрашчэнні візавага рэжыму, паведамляюць тэлеграм-каналы са спасылкай на МЗС Беларусі.

photo1624887987.jpeg

У МЗС Беларусі 28 чэрвеня быў выкліканы кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель «у сувязі з уведзенымі Еўрапейскім саюзам беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі мерамі ў дачыненні да Беларусі».
У ходзе сустрэчы прадстаўніку ЕС была даведзена інфармацыя «аб канкрэтных кроках у рамках вымушанага рэагавання на дзеянні, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы Беларусі і наносяць прамую шкоду яе эканоміцы і грамадзянам».
Мінск наважыўся адклікаць для кансультацый свайго сталага прадстаўніка ў ЕС і «рэкамендаваў» зрабіць тое ж еўрапейцам. Фактычна, гэта свайго роду часовы разрыў стасункаў з Бруселем.
Таксама Беларусь забараняе ўезд неназваным еўрапейскім функцыянерам, якія «спрыялі» ўвядзенню санкцый.
«Усходняе партнёрства» — праект Еўрапейскага Саюза, накіраваны на паглыбленне адносін з 6 краінамі былога СССР: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.  .