Беларускія памежнікі не заўважылі рэзкага росту колькасці нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвой

У той час, як у Літве колькасць нелегальных мігрантаў, затрыманых на мяжы з Беларуссю, ужо ў сем разоў перавысіла паказчыкі ўсяго 2020 года, беларускія памежнікі заяўляюць пра тое, што сітуацыя не адрозніваецца ад папярэдніх гадоў, перадае «Белсат».

screenshot_362.jpg

У эфіры «Беларусь 1» начальнік Смаргонскай памежнай групы Максім Бутранец адзначыў, што колькасць нелегальных мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы знаходзіцца на звычайным узроўні.
«Колькасныя паказчыкі выяўленых і затрыманых памежнікамі Смаргоні грамадзян трэціх краін — Афганістана, Ірака, Турцыі, Шры-Ланкі — супастаўныя з лічбамі папярэдніх 5-7 гадоў і не выходзяць за рамкі прагнозу, характэрнага для вяснова-летняга перыяду», — заявіў Бутранец.
У Літве іншыя лічбы
Між тым у Літве заяўляюць, што сёлета затрымалі 555 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіну праз Беларусь. Гэта амаль у сем разоў вышэй, чым было ва ўсім 2020 годзе. Тады быў затрыманы 81 такі іншаземец.
Сярод затрыманых сёлета на мяжы з Беларуссю найбольшая колькасць — грамадзян Ірака: 361. 46 чалавек з Ірана, 45 — з Сірыі, 39 — з Беларусі, 17 — з Расіі, 11 — з Турцыі, 10 — са Шры-Ланкі, 6 — з Таджыкістана, па 4 — з Гвінеі і Індыі, 3 — з Афганістан, па 2 — з Емена, Егіпта, Марока і Гамбіі і 1 грамадзянін — з Самалі.
Гібрыдная вайна
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ назвала рэзкі рост колькасці нелегальных мігрантаў сродкам у гібрыднай вайне Аляксандра Лукашэнкі супраць Літвы. Паводле яе, у Вільні ёсць доказы таго, што ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць беларускія ўлады, перадае «DELFI».
«У нас сапраўды ёсць доказы дачынення беларускіх памежнікаў да гэтага працэсу, гэта факт. Гэта арганізаваная дзейнасць, пэўная схема — добра арганізаваная, спланаваная. Гэта вялікія грошы, бо перавозка аднаго чалавека каштуе каля 15 тыс. долараў. Такім чынам, гэта відавочна прыбытковыя злачынствы з удзелам рэжыму і саміх чыноўнікаў», — заявіла Білатайтэ.
Паводле яе, Літва раней не сутыкалася з такімі вялікімі патокамі нелегальных мігрантаў. Міністарка падкрэсліла, што гэта праблема не толькі Літвы, але і ўсяго Еўрапейскага Саюза.
МГ belsat.eu