Ізраіль унёс Беларусь і Кыргызстан у «аранжавы» кавідны спіс

Міністэрства аховы здароўя Ізраіля з адабрэння ўрада ўнесла 27 чэрвеня 2021 года Беларусь і Кыргызстан у спіс краін высокай эпідэміялагічнай небяспекі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19.

israel_1_1.jpg


У гэты ж дзень са спісу выключаныя Рэспубліка Мальдывы і Каралеўства Непал, паведамляе REFORM.by.

Цяпер у так званым «аранжавым» спісе Ізраіля знаходзяцца 14 краін: Беларусь, Балівія, Калумбія, Коста-Рыка, Кыргызстан, Малдова, ААЭ, Палаў, Сейшэльскія выспы, Туніс, Уганда, Уругвай, Чылі, Эфіопія.

Міністэрства аховы здароўя Ізраіля папярэджвае, што калі не адбудзецца значнага паляпшэння ўзроўню захворвання ў вышэйзгаданых краінах, чакаецца, што яны ўвойдуць у спіс краін з максімальнай рызыкай. Грамадзян заклікаюць адпаведным чынам планаваць свае паездкі.

Цяпер у чырвоным спісе знаходзяцца Аргенціна, Бразілія, Індыя, Мексіка, Расія і ПАР. Вылецець у гэтыя краіны можна толькі з дазволу спецыяльнай камісіі. Тым, хто з іх вярнуўся, прыйдзецца адбыць поўны тэрмін каранціну, нягледзячы на вакцынацыю або наяўнасць антыцелаў пасля хваробы.