«Буду чакаць, калі нарэшце змагу абняць мужа»

Вольга Анішчук — адна з тых беларускіх дзяўчат, у якой муж трапіў у зняволенне за выказванне пратэсту супраць дзеянняў уладаў. Нягледзячы на гэта, дзяўчына не перастае паўтараць, што яе муж — герой, якога яна абавязкова дачакаецца на волі.

Арцём і Вольга, фота з сацсетак

Арцём і Вольга, фота з сацсетак


«У людзей расплюшчыліся вочы»

У сакавіку Арцёма Анішчука асудзілі за пашкоджанне машыны жонкі супрацоўніка міліцыі. Усяго па гэтай справе прайшлі пяць чалавек: кожнаму з іх далі розныя тэрміны зняволення. На судзе Арцём прызнаўся, што падрапаў машыну цвіком. За гэта суд даў Арцёму два гады калоніі агульнага рэжыму. Праваабарончая супольнасць не прызнала Арцёма палітычным зняволеным.

volha_aniszczuk_fota_dzmitryja_dzmtryeva__2__logo.jpg


Воля пабралася шлюбам з Арцёмам чатыры гады таму. Акрамя мужа ў яе нікога з блізкіх у Мінску няма, бо да замужжа дзяўчына жыла ў Гомелі. Воля прызнаецца: да жнівеньскіх падзей яна не магла і падумаць, што ў Беларусі яе сям’я можа пацярпець. У першыя дні пасля выбараў, калі ішлі масавыя пратэсты, пасля працы яны з мужам шпацыравалі па Нямізе без аніякага страху. Тады ж упершыню сужэнцы пабачылі гвалт і збіццё беларусаў. Арцёму было складана прыняць новую рэальнасць. Яшчэ больш складана яму было сядзець склаўшы рукі.
— У жніўні ў людзей нарэшце расплюшчыліся вочы, — разважае Воля. — У мужа ж была стабільная праца ў службе бяспекі метрапалітэну. Падавалася, чаму б чалавеку спакойна не працаваць? Але ён не мог быць у гэтай сістэме, бо яго прымушалі штрафаваць супрацоўнікаў і прыдзірацца да іх без прычыны. Да свайго затрымання ён паспеў двойчы напісаць заяву аб звальненні.

Арцём, фота з сацсетак

Арцём, фота з сацсетак

Першыя лісты з-за кратаў

Воля добра памятае той дзень, калі Арцём перастаў выходзіць на сувязь. У пошуках мужа яна тэлефанавала ў РУУСы і лякарні. Свякроў напісала заяву пра яго знікненне.
Калі Воля пасля працы вярнулася дадому, у кватэру сталі грукацца невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі ЖЭСу. Воля адчыняць дзверы пабаялася, аднак і «жэсаўцы» не сыходзілі. Пакуль Воля выклікала міліцыю, дзверы з таго боку сталі выбіваць сякерай.
— Я ў істэрыцы выбегла на балкон, крычала: «Дапамажыце!» — узгадвае Вольга. — Было жаданне наўпрост скочыць уніз. Аднак я супакоілася, адзела джынсы, швэдар — думала, што мяне забяруць у ізалятар. У выніку, нашы дзверы ўсё ж выбілі. У кватэру ўварваліся тры чалавекі ў масках. Мне паказалі пасведчанне і пастанову на ператрус… Сказалі, што мой муж — падазраваны па крымінальнай справе. Адразу прывялі і панятых — мясцовых алкаголікаў.
Міліцыя на вылік прыехала — і адразу з’ехала, не паразмаўляўшы з Воляй. Пасля ёй патэлефанаваў следчы і сказаў, што яе муж знаходзіцца ў ізалятары, і трэба прывезці рэчы.
— Я зразумела, што проста так яго не адпусцяць, — кажа Воля. — А калі па тэлебачанні паказалі сюжэт з прызнаннем хлопцаў, дзе адзін з іх быў поўнасцю ў крыві, стала зразумела, што пабачу мужа я не хутка.
— Пра што пісалі ў першых лістах? — пытаю ў Волі. Тут яна не стрымліваецца і пачынае плакаць.
— Я прасіла… каб ён сябе не вініў. Я ведаю, што ён шмат перажывае праз тое, што я адна, без яго… Але я цалкам на яго баку. Ён хацеў выказаць свой пратэст такім чынам — у кожнага свае метады. Я разумею, што ён сам пайшоў супраць закону, але калі чалавек жыве ў гэтым беззаконні, то яго стан робіцца вельмі нестабільным. Я пісала, што сумую і буду чакаць. Пісала, што я ведаю, чаму ён гэта зрабіў, ды і іншым людзям гэта відавочна.
— Ці шкадаваў ён сам з таго, што зрабіў?
— Так, шкадаваў… Але шкадаваў з таго, што выказаў пратэст менавіта такім чынам. Ён не шкадуе, што не застаўся абыякавым да таго, што адбываецца вакол. Я памятаю яго стан, калі ён жыў у тым беззаконні.

volha_aniszczuk_fota_dzmitryja_dzmtryeva__5__logo.jpg


Чатыры гадзіны катаванняў

Адвакат, з якім Вольга заключыла дамову, пасля першага спаткання з Арцёмам заўважыў у хлопца рассечаную броў. Тады Воля ўжо рыхтавалася да расповедаў пра тое, што было пры затрыманні Арцёма.
— У судзе ад паказанняў іншых фігурантаў справы я пачула, што іх катавалі, — узгадвае Воля. — Падрабязнасці я даведалася ўжо пасля ад Арцёма: нешта — з яго лістоў, нешта — са спатканняў. На спатканні, якое было пасля суду, Арцём паказаў мне сляды ад электрашокера. Яны былі па ўсім целе. Больш дэталёва ён распавёў мне пра катаванні два месяцы таму — і папрасіў усё гэта апублічыць.
Зняволены сведчыў, што пры затрыманні яму выкручвалі каленныя і лакцявыя суставы, пярцовым балончыкам поўнасцю залілі твар, пры тым, два чалавекі трымалі, а адзін заліваў. Па словах Арцёма, катаванні цягнуліся каля чатырох гадзін. Яму пагражалі, што павесяць на дрэве, берцамі станавіліся на галаву і ўтоптвалі яе ў асфальт. Ніякай медыцынскай дапамогі не аказалі.
— Я была гатовая да яго расповеду, бо ўжо чула падобнае ад іншых хлопцаў, якія праходзілі па гэтай справе, — прызнаецца Воля. — Я не хацела, каб Арцём пабачыў, што я перажываю, таму на спатканні намагалася быць спакойнай. Канечне, калі прыехала дадому, расплакалася… Людзі, як вы можаце рабіць такое? За што? За тое, што чалавек машыну падрапаў? За гэта вы хацелі нацягнуць прэзерватыў на дубінку і гвалціць майго мужа? За гэта вы клалі збітых людзей адно на аднаго і ўтоптвалі ў бруд? Усе вы, што катавалі хлопцаў, павінны быць пакараныя.

Жыццё без мужа

Усе паўгода Воля займалася перадачамі, пошукам адвакатаў, якіх за ўвесь час яна мяняла тройчы. Усё яе жыццё цяпер — гэта праца, справы, звязаныя з Арцёмам, і падтрымка іншых палітзняволеных. Але яна намагаецца не сумаваць, каб Арцём не перажываў за яе.

volha_aniszczuk_fota_dzmitryja_dzmtryeva__1__logo.jpg


Арцём палітзняволеным не прызнаны. Воля кажа, што праз гэта ён атрымліваў мала лістоў ад беларусаў.
— Мне найбольш хочацца, каб Арцём атрымліваў інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і ў свеце. Мы па вечарах звычайна глядзелі з ім Euronews. На спатканні я намагалася распавядаць яму розныя прыколы, напрыклад, пажартавала пра перадачу бадзёрасці і энергіі праз пацісканне рук. Сама смяюся, а ён — не, бо адкуль яму ведаць пра гэта? Калі на судзе ён пабачыў у адваката тэлефон, то не адразу ўзгадаў, як ім карыстацца…

Падтрымайце Арцёма лістамі ды паштоўкамі: ПК №15, 212013, г. Магілёў, Слаўгародская шаша, 183. Анішчуку Арцёму Ігаравічу.




Жыццё ў чаканні

Цяпер Вользе ўжо лягчэй. Канечне, сум накатвае, асабліва ўвечары. Апошні раз яна бачыла мужа 31 сакавіка, адразу пасля апеляцыі, калі вырак суда пакінулі без зменаў. Яна шчыра спадзяецца, што ў калоніі яму будзе прасцей, чым у СІЗА. Пакуль Арцём быў у СІЗА на Валадарскага, ён маляваў, займаўся спортам, шмат чытаў.Пра тое, што мужа этапавалі ў Магілёўскую калонію, Воля даведалася, калі прыехала да яго ў Жодзінскае СІЗА. Цяпер перад ёй паўстаў новы жыццёвы этап.

volha_aniszczuk_fota_dzmitryja_dzmtryeva__4__logo.jpg


— Арцём, як і іншыя, чакаў вясны, — кажа Воля. — Ён казаў, што яны чакалі і верылі, што людзі іх вызваляць. Напэўна, калі не верыць, то там вельмі цяжка даводзіцца.
— Што будзеце рабіць цяпер? — пытаю ў Волі.
— Арцём запытаў у мяне тое ж самае… Перажывае, як буду без яго. Але што я магу рабіць? Чакаць — час ляціць хутка. Часам мне ўяўляецца, што зараз адчыняцца дзверы — і ён зойдзе… Хаця, канечне, я разумею, гэта немагчыма, бо старыя дзверы нам выламалі, цяпер стаяць ужо іншыя. Вельмі хачу яго абняць. На спатканні Арцём казаў, што і ён больш за ўсё хоча да мяне прытуліцца, але зрабіць гэтага не змог: перашкаджала шкло. Таму я проста буду чакаць, калі нарэшце змагу абняць мужа.

volha_aniszczuk_fota_dzmitryja_dzmtryeva__3__logo.jpg