У калонію да Арцёма Анішчука ў трэці раз не пусцілі адваката

Адразу пасля таго, як зняволены па палітычных матывах Арцём Анішчук прыбыў у Магілёўскую калонію, на яго завялі крымінальную справа па 411 артыкуле КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы»). Некалькі тыдняў ні родныя, ні адвакат не могуць з ім звязацца, ад самога асуджанага не паступае ніякіх звестак.

arcjom_aniszczuk_fota_z_sacsetak_logo_1.jpg


Па словах жонкі Анішчука Вольгі, Арцём 29 мая павінен быў ісці на іншую, больш мяккую, меру стрымання. Яна мяркуе, менавіта з гэтым звязана завядзенне на яго яшчэ аднаго крымінальнага артыкула. “Не трэба быць пракурорам ці следчым, каб разумець, што тут усё зроблена спецыяльна, каб накінуць на Арцёма яшчэ адзін тэрмін і маральна яго зламаць”, – пераканана Вольга. Следчыя дзеянні праходзяць без адваката Арцёма, якога не пускаюць да зняволенага ўжо ў трэці раз.
Па гэтай прычыне жонка накіравала скаргі ва ўпраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС – па Магілёўскай вобласці і Мінску, начальніку калоніі №15 у Магілёве. Вольга накіравала скаргу ў пракуратару горада Магілёва, у якой напісала, што мужу не даходзяць лісты. Адвакат Анішчука падаў скаргу на бяздзеянне следчага ў Пракуратуру Магілёўскай вобласці, Магілёўскі міжраённы Следчы камітэт і ў Следчы камітэт Беларусі па Магілёўскай вобласці. Таксама Вольга паскардзілася на тое, што Арцём не атрымлівае карэспандэнцыі. На гэта начальнік калоніі сказаў, што асуджаны сам мусіць выпісваць сабе прэсу.


Адзіны адказ, які прыйшоў Вользе, – з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, дзе было напісана, што для арганізацыі пэўнага спаткання з адвакатам патрэбна заява асуджанага. Аднак адвакат мае права трапіць да Арцёма без адпаведнай заявы, бо на зняволенага заведзена крымінальная справа.
Вольга пераканана, што пад ціскам адміністрацыі калоніі 18 мая Арцём напісаў, што не мае патрэбу ў адвакаце, але праз пэўны час, калі яго наведаў следчы, ён сказаў, што патрабуе адваката. Тым больш, раней адвакат тлумачыў зняволенаму, што той мусіць напісаць заяву на допуск адваката. Сама Вольга адпраўляла тэлеграмы мужу з просьбай напісаць заяву. Аднак адказу ні на лісты, ні на тэлеграмы яна ад Арцёма не атрымлівае. З усяго гэтага Вольга робіць выснову, што Арцёму наўмысна не даюць напісаць заяву на допуск да яго адваката.


Зняволенага па палітычных матывах Арцёма Анішчука, якога асудзілі на два гады пазбаўлення волі, перавялі ў Магілёўскую калонію 18 красавіка. У хуткім часе Вользе Анішчук патэлефанаваў следчы і сказаў, што на Арцёма заведзена крымінальная справа па 411 артыкуле КК за тое, што той адмовіўся двойчы прыбірацца. Незадоўга да гэтага, Арцём напісаў Вользе, што знаходзіўся адзін у памяшканні камернага тыпу. Пасля гэтага ніякіх звестак ад Арцёма сваякам больш не даходзіла.