Сяргей Ціханоўскі праз год арышту: «Буду сядзець столькі, колькі дазволіць народ»
Беларускі блогер і палітвязень Сяргей Ціханоўскі, які ўжо год знаходзіцца пад арыштам, змог з турмы даць кароткае інтэрв'ю DW.
Беларускі відэаблогер, аўтар YouTube-канала «Краіна для
жыцця» Сяргей Ціханоўскі ўжо год — з 29 траўня 2020 года — знаходзіцца пад
арыштам. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба
парушаюць грамадскі парадак, перашкодзе ажыццяўленню выбарчага права, а таксама
распальванні сацыяльнай варожасці. Напярэдадні гадавіны зняволення Ціханоўскі
змог перадаць DW адказы на пытанні, дзе распавёў пра ціск на яго, ацаніў
выстаўленыя супраць яго абвінавачванні і распавёў, колькі яшчэ будзе сядзець у
турме.
Ціханоўскі: «Я ні аб чым не шкадую»
Хоць Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца пад вартай ужо год, на пытанне аб тым, як ён ацэньвае сваё рашэнне вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, блогер адказаў, што «пакуль яшчэ ні пра што не шкадуе». Па словах Ціханоўскага, на яго перакананні год, праведзены ў СІЗА, ніяк не паўплываў: «Гэты год толькі крыху прыпсаваў здароўе. Сяджу і жыву як быццам у паралельнай рэальнасці», — адзначае палітвязень.
Акрамя таго, Ціханоўскі распавёў, што за мінулыя месяцы пад
арыштам на яго аказваўся ціск: «Аказвалі ціск на Валадарцы. Гэта былі рознага роду правакацыі,
наступствам якіх стала памяшканне мяне неаднаразова ў карцэр. Былі правакацыі,
калі пасьля карцэру не мог увайсці ў камеру, бо сукамернікі па незразумелых
прычынах адмаўляліся знаходзіцца там са мной разам». Акрамя таго, у цэлым
само знаходжанне ў СІЗА па надуманых абвінавачваннях ён лічыць формай ціску.
«Абвінавачванні надуманыя і палітычна матываваныя»
У пачатку мая 2021 года стала вядома, што Генеральная пракуратура Беларусі скончыла расследаванне і накіравала ў Вярхоўны суд справу ў дачыненні да палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама яшчэ чатырох чалавек — Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча. Ведамства абвінавачвае апазіцыянераў і іх прыхільнікаў у «выкарыстанні сучасных паліттэхналогій для стварэння ў насельніцтва недаверу і негатыўнага стаўлення да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў».
Сам Ціханоўскі вылучаныя супраць яго абвінавачванні
катэгарычна не прызнае. «Лічу іх надуманымі і палітычна
матываванымі», — піша Сяргей Ціханоўскі.
Пасля арышту блогера дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у
прэзідэнты падала яго жонка, Святлана Ціханоўская. Адказваючы на пытанне, як ён
ацэньвае дзейнасць сваёй жонкі ў якасці нацыянальнага лідара, Ціханоўскі кажа,
што ва ўсім падтрымлівае жонку.
«Рэвалюцыя чалавечнасці», як блогер назваў
сітуацыю ў Беларусі ў мінулым інтэрв'ю для DW, зацягнулася так надоўга таму,
што людзям патрэбны час, каб вызначыцца. «Калі народ, людзі будуць
настойлівымі, то ўсё будзе нядоўга. Я буду сядзець столькі, колькі гэта
дазволіць народ, таму што ўлада належыць народу», — лічыць Сяргей
Ціханоўскі.
Справа блогера Сяргея Ціханоўскага
Блогер Сяргей Ціханоўскі ў траўні 2020 года планаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 9 жніўня. ЦВК Беларусі адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам, матывуючы гэта тым, што падчас падачы заяўкі ён знаходзіўся ў СІЗА, адбываючы адміністрацыйны арышт. Замест яго дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падала яго жонка Святлана. Яе беларускі Цэнтрвыбаркам прызнаў кандыдатам у прэзідэнты.
29 мая на пікеце ў Гродне ў падтрымку вылучэння кандыдатам у
прэзідэнты Святланы Ціханоўскай блогера затрымалі. Праваахоўныя органы Беларусі
абвінавацілі яго ў здзяйсненні «групавых дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным
патрабаванням міліцыі». 16 чэрвеня ў дачыненні да блогера таксама была ўзбуджаная
крымінальная справа па абвінавачванні ў перашкодзе правядзенню выбараў, а
пазней яго абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці. Беларускія
праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага і іншых затрыманых актывістаў палітычнымі
зняволенымі.
Паводле ацэнак юрыстаў, Сяргей Ціханоўскі можа атрымаць да
15 гадоў пазбаўлення волі.