У Беларусі яшчэ 15 палітвязняў
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітзняволенымі Яўгена Комбуля, Сяргея Сіліча, Максіма Сілюка, Максіма Пыцеля, Вольгу Сыраватка, Наталлю Барынаву, Сяргея Красоўскага, Аліну Муратаву, Уладзіміра Кацюбку, Марыну Сілёнак, Сяргея Богдана, Уладзіміра Ланкевіча, Віктара Іванцова, Сяргея Розума, Сяргея Шабуню і Паўла Федукевіча. Такім чынам, у Беларусі палітвязнямі афіцыйна прызнаны 450 чалавек.
Прысудам суда Ленінскага раёна Брэста ад 18 траўня 2021 года былі асуджаныя:
Яўген Комбуль паводле ч. 1 арт. 309, ч. 1 і 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі (ПК) ва ўмовах агульнага рэжыму;
Сяргей Сіліч паводле ч. 1 арт. 309, ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Максім Сілюк па ч. 1 ст. 309, ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Максім Пыцель па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Сяргей Красоўскі па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Вольга Сыраватка па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Наталля Барынава па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Аліна Муратава па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Уладзімір Кацюбка па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
Марына Сілёнак паводле ч. 2 арт. 339 КК да абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў.
Я. Комбуль, А. Муратава, Н. Барынава, С. Красоўскі, В. Сыраватка, В. Кацюбка, М. Пыцель і М. Сілёнак асуджаныя за вывешванне манекена (лялькі-пудзіла) з надпісамі "АМАП" "у мэтах рэалізацыі пратэснай акцыі з нагоды незадаволенасці вынікамі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў..." (паводле прысуду) у г. Брэсце.
Я. Комбуль, С. Сіліч і М. Пыцель таксама асуджаныя за размяшчэнне на праезнай частцы дарогі і падпал трох аўтамабільных колаў у начны час у тых жа мэтах.
М. Сілёнак таксама асуджаная за нанясенне на плот завода надпісу пратэснага характару.
М. Сілёнак і М. Сілюк таксама асуджаныя за нанясенне надпісу пратэснага характару на гандлёвы павільён.
Праваабаронцы лічаць усе пералічаныя дзеянні рознымі формамі выказвання меркавання, якія падпадаюць пад абарону арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; пазбаўленне волі за здзяйсненне гэтых дзеянняў з'яўляецца відавочна непрапарцыйным, а таму недапушчальным абмежаваннем права, асабліва ў адсутнасці ў Беларусі ўмоў для легальнага пратэсту супраць любога парушэння палітычных правоў і правоў чалавека.
У сувязі з гэтым праваабаронцы, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесную заяву ад 22 снежня 2020 г.) лічаць пераслед і пазбаўленне волі Аліны Муратавай, Наталлі Барынавай, Сяргея Красоўскага, Вольгі Сыраваткі, Уладзіміра Кацюбкі, Максіма Пыцеля і Марыны Сілёнак палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
Я. Комбуль, В. Сыраватка, С. Сіліч таксама асуджаныя за пашкоджанне шкла ў памяшканні аддзялення міліцыі на суму 160 рублёў з той жа мэтай. Кваліфікацыя гэтых дзеянняў як хуліганства несумяшчальная з усталяванымі судом мэтамі і матывамі абвінавачаных; сімвалічны характар і памер нанесенай шкоды дазваляе не мяняць ацэнкі характару дзеянняў усіх абвінавачаных як негвалтоўнага ў цэлым.
Я. Комбуль, С. Сіліч і М. Сілюк таксама асуджаныя за ўстаноўку на чыгуначных шляхах металічнага провада, з прычыны чаго электрацягніку быў пададзены сігнал аб спыненні, якое ён з ужываннем службовага тармажэння зрабіў; пасля чаго ў ім быў адкрыты кран тармазной сістэмы, што затрымаў на некалькі хвілін далейшы рух электрацягніка. У выніку адхіленне ад графіка і шкода склалі адпаведна 16 хвілін і 270 рублёў.
Праваабаронцы з трывогай адзначаюць, што крымінальны закон адвольна ўжываецца для пазбаўлення волі людзей, якія па пратэсных матывах спынялі на кароткі час рух на чыгунцы, не ўжываючы разбурэнняў і не ставячы ў небяспеку пасажыраў і транспарт. Адсутнасць такой небяспекі неаднаразова пацвердзілі ў судовых пасяджэннях сведкі абвінавачвання. Справы гэтай катэгорыі прааналізаваны юрыстамі-праваабаронцамі.
Так, суд Баранавіцкага раёна 27 красавіка 2021 года прысудзіў Сяргея Богдана, Уладзіміра Ланкевіча і Віктара Іванцова да пазбаўлення волі. Першых двух прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 14 (замах) і арт. 309 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віктара Іванцова прызналі вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 309, і прызначылі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У судзе Пухавіцкага раёна 28 красавіка 2021 года вынесены прысуд па справе Сяргея Розума, узбуджанай па ч. 1 арт. 309 Крымінальнага кодэкса, якім ён пакараны двума гадамі пазбаўлення волі.
У судзе Маладзечанскага раёна 3 траўня вынесены прысуд Сяргею Шабуню і Паўлу Федукевічу. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 14 і арт. 309 Крымінальнага кодэкса і асудзілі кожнага на адзін год і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Па сваёй сутнасці такія дзеянні ўсіх пералічаных фігурантаў спраў па арт. 309 КК утрымліваюць прыкметы блакавання транспартных камунікацый (шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам), аднак для кваліфікацыі іх як крымінальнага злачынства неабходна наступленне пэўных наступстваў: прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 1 арт. 310 КК) або прычыненне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання (ч. 2 арт. 310 КК), якія адсутнічаюць у пералічаных справах. Такім чынам, яны не могуць кваліфікавацца як крымінальна каральная дзея.
Важна адзначыць, што падкладанне на чыгуначныя шляхі прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху чыгуначнага транспарту, з'яўляецца толькі адміністрацыйным правапарушэннем.
Акрамя таго, усім абвінавачаным па арт. 309 КК неабгрунтавана прызначаныя максімальна жорсткія пакаранні пры наяўнасці альтэрнатыўных на непрапарцыйна працяглы, аж да максімальнага, тэрмін.
Такім чынам, не аспрэчваючы супрацьпраўнага характару дзеянняў абвінавачаных, праваабаронцы канстатуюць цвёрдае перакананне ў іх палітычна матываваным пераследзе па пералічаных крымінальных справах па арт. 309 КК.
Паводле spring96.org