Бацька Змітра Фурманава: Турбуемся за лёс сына
29 траўня 2021 года мінае год, як за кратамі знаходзіцца палітзняволены Зміцер Фурманаў. Бацькі лічаць, што судовае пасяджэнне, на якім судзяць іх сына, цягнецца вельмі доўга.

Аляксандр Фурманаў, бацька Змітра, распавёў «Радыё Рацыя»:
— Чатыры з паловай месяцы ідзе суд, суд ідзе незразумела як. Напрыклад, прызначаецца пасяджэнне на цэлы дзень, з раніцы праходзіць да абеду, пасля абеду ўжо па нейкай прычыне не. То не прыйшлі пацярпелыя міліцыянты і амапаўцы, якія затрымлівалі Ціханоўскага, калі з гэтай правакатаркай там завязаліся. То няма нейкіх сведак, то пятае, дзясятае, пераносяць суд ужо на наступны тыдзень. У лепшым выпадку на наступны тыдзень, а то дзён на дзесяць і больш. Гэта так зацягнулася, мы так ужо змучаліся, мы так стаміліся ад гэтага ўсяго, ад гэтай нявызначанасці, ад гэтых дачэпак.
Паводле яго слоў, Змітра доўга беспрычынна трымаюць за кратамі ў карцары:
— Наглядчык напісаў рапарт, што ён ляжаў. Запрасілі на гутарку да кіраўніцтва. Ён пачаў тлумачыць ім, што ён не ляжаў, а проста прысеў. Слухаць ніхто не захацеў. «Калі вы не хочаце мяне слухаць, то я вам і адказваць нічога не буду». Пачаў гуляць у маўчанку, яго пытаюць, ён маўчыць у знак пратэсту. Яго адправілі ў карцар на сем сутак. Сем сутак прайшло, 25-га чысла ён павінен быў быць вызвалены. Я 25-га патэлефанаваў дзяжурнаму, удакладніць вызвалілі ці не. «Так, вызвалілі». 26-га мы паехалі, павезлі яму перадачу, плюс мы загадзя папрасілі ў суддзі дазвол на спатканне. Прыязджаем — ён зноў у карцары. Пачынаем разбірацца — ніхто нічога не тлумачыць.
Нагадаем, што Змітра Фурманава затрымалі ў цэнтры Гродна, калі ён збіраў подпісы за Сяргея Ціханоўскага. Хлопца затрымалі супрацоўнікі міліцыі разам з крэслам, на якім ён сядзеў. Яго бацькі разам з дзяўчынай трымалі галадоўку ў Мінску каля Валадаркі.