Што збіраюцца рабіць партыі для вызвалення з-за кратаў палітвязняў?

«Што ваша партыя будзе рабіць для вызвалення з-за кратаў Паўла Севярынца і іншых палітвязняў?» — з такім пытаннем «Народная Воля» звярнулася да кіраўнікоў апазіцыйных партый.

604137676b2b2c00171bda2dcfa911df.jpg.webp

 На гэтым тыдні ў Магілёўскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць сямі палітвязняў.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, актывісты Яўген Афнагель і Андрэй Войніч асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Павел Юхневіч, Дзмітрый Казлоў і Максім Вінярскі — на 5 гадоў, грамадская актывістка Ірына Шчасная — на 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

«Народная Воля» звярнулася да кіраўнікоў апазіцыйных партый з пытаннем: «Што ваша партыя будзе рабіць для вызвалення з-за кратаў Паўла Севярынца і іншых палітвязняў?»

Віталь РЫМАШЭЎСКІ, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»:

— Адзін з нямногіх інструментаў па вызваленні палітвязняў — гэта зварот да беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Усе нашы міжнародныя партнёры ўжо таксама робяць заявы з нагоды прысуду Паўлу Севярынцу і іншым вязням.

Таксама мы стараемся дапамагаць сям’і Паўла, пішам яму лісты, што вельмі важна для чалавека, які знаходзіцца за кратамі.

Салідарнасць з вязнямі — гэта адзінае, што нам сёння застаецца. Калі выйдзем на вуліцу з нейкімі акцыямі пратэсту, то гэта толькі дадасць новых палітвязняў.

Можна, безумоўна, падаць заяўку на пікет, каб яго афіцыйна дазволілі, але гэта бессэнсоўна. Падавалі заяўкі і на правядзенне акцыі на Дзень Волі, і на «Чарнобыльскі Шлях», але дазволу так і не атрымалі. А заяўнікоў яшчэ і на «суткі» адправілі.

Я перакананы: тое, што зараз адбываецца ў краіне, не будзе цягнуцца вечна і Павел разам з іншымі палітвязнямі выйдуць на волю раней часу.

Сяргей ЧЭРАЧЭНЬ, старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада»:

— Я і мая арганізацыя займаемся тым, што спрабуем звесці за адзін стол бакі, якія знаходзяцца ў супрацьстаянні. Патрэбны канструктыўны дыялог.

Мы жывём у таталітарным рэжыме. Улада паказвае беларусам, хто ў доме гаспадар, якому абсалютна ўсё дазволена. На сённяшні момант гэта наша сумная рэчаіснасць.

Усе разумеюць, што тыя палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі, — гэта людзі, якія пацярпелі за права на празрыстыя выбары, за тое, каб жыць у новай свабоднай Беларусі. І мы ўсе супраць неапраўдана жорсткіх прысудаў тым, каго судзілі і судзяць па палітычных справах.

Таму зараз падтрымліваем сувязь з тымі арганізацыямі, якія спрабуюць арганізаваць перамоўны працэс з удзелам Расіі, Еўрасаюза, ЗША. Гэтая праца вядзецца ўжо працяглы час, хаця, шчыра кажучы, не ўсё атрымліваецца хутка і так, як хацелася б. Мяркую, толькі дыялог можа паспрыяць вызваленню палітвязняў.

Сяргей КАЛЯКІН, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»:

— Мяркую, не трэба засяроджваць увагу толькі на Севярынцу, бо за кратамі ў нас сёння знаходзяцца сотні палітычных зняволеных.

Усе ведаюць нашу пазіцыю, мы неаднаразова рабілі заявы, у якіх заклікалі вызваліць палітвязняў. Але ж заявы не могуць паўплываць ні на рашэнне суда, ні на пракуратуру.

Пакуль мы, на жаль, не можам зрабіць самае галоўнае — не можам устанавіць у краіне закон, у адпаведнасці з якім вызначалася б віна чалавека.

Таму для вызвалення палітвязняў найперш патрэбная салідарнасць унутры Беларусі і за яе межамі. Павінен працаваць закон. Без гэтага складана некага вызваліць. І я сёння не бачу магчымасцей ні ў нашай партыі, ні ў любой іншай зрабіць нейкія канкрэтныя крокі па вызваленні людзей, якія знаходзяцца за кратамі.

Гэта комплексная праца, у тым ліку і насельніцтва. Вельмі важна, каб была салідарная дзейнасць грамадства.

Ігар БАРЫСАЎ, старшыня «Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)»:

— У краіне зараз зусім не працуе закон, і ўся апазіцыя знаходзіцца па-за законам. Таму, якія б крокі мы ні прадпрымалі, якую б салідарную падтрымку ні аказвалі нашым сябрам, на жаль, гэта нагадвае груканне ў зачыненыя дзверы.

Каля сотні сябраў нашай партыі пасля 9 жніўня мінулага года так ці інакш пацярпелі за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Калі мы можам дапамагчы юрыдычнымі кансультацыямі або матэрыяльнай падтрымкай — спрабуем гэта рабіць. Толькі такім чынам, відаць, і можам нешта зрабіць для тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі.

Аляксей ЯНУКЕВІЧ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Трэба казаць не пра тое, што можа зрабіць партыя для вызвалення вязняў, а пра тое, што можа зрабіць для гэтага кожны беларус. Нават ва ўмовах жорсткага ціску на грамадства людзі могуць праяўляць салідарнасць — падтрымліваць і вязняў, і іх сем’і.

Мяркую, кожны грамадзянін Беларусі, які клапоціцца пра будучыню краіны, можа выказаць падтрымку палітычным зняволеным.

Партыя — гэта людзі. Таму тое, пра што я казаў вышэй, тычыцца і ўсіх нашых партыйцаў. А вось нейкіх вулічных акцый у падтрымку палітвязняў мы не плануем.

Дзмітрый КУЧУК, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя»:

— Ад нас вызваленне палітвязняў не залежыць. Мы, безумоўна, прымалі з гэтай нагоды заявы і рэзалюцыі, але хто да іх прыслухоўваецца? Рэальных рычагоў уплыву на ўлады ці следчыя органы мы не маем.

Адзінае, што можам зрабіць, — будзем узнімаць тэму палітвязняў на міжнародным узроўні. Будзем даносіць інфармацыю да сваіх партнёраў у іншых краінах і, магчыма, такім чынам зможам у пэўным сэнсе паўплываць на сітуацыю.

Леў МАРГОЛІН, сябра палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

— Калі вы добра ведаеце, што зараз адбываецца ў краіне, то самі зможаце адказаць і на пытанне, што ў гэтых умовах можа зрабіць партыя, а што — немагчыма.

Безумоўна, можна зрабіць заяву з патрабаваннем вызвалення палітвязняў, і мы такія заявы робім ледзь не кожны тыдзень. У краіне, у якой фактычна не дзейнічаюць законы, больш нічога зрабіць нельга.

Сяргей ПАПКОЎ, намеснік старшыні партыі КХП—БНФ:

— Абмяркуем гэтае пытанне са сваімі сябрамі. Пакуль што яго не было ў парадку дня.